У Менску з’явіліся вуліцы імя Аркадзя Смоліча і Алеся Дудара
У Менску зацверджаныя назвы некалькіх новых вуліц. Адпаведнае рашэнне апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Праектаваная — ад вуліцы Янкі Лучыны да вуліцы Чыжэўскіх — атрымала імя Аркадзя Смоліча, выдатнага беларускага навукоўцы, аўтара „Геаграфіі Беларусі”, дзеяча БНР, ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Яшчэ ў 2016 годзе з прапановай назваць адну з вуліц сталіцы ў гонар Смоліча да менскіх уладаў звярталася Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).
Яшчэ адна праектаваная вуліца — ў межах Партызанскага праспекта, вуліц Куляшова і Шышкіна атрымала імя „пагранічніка, Героя Савецкага Саюза Яўгена Міркоўскага„. Ён — падчас нямецкай акупацыі быў камандзірам савецкай разведвальна-дыверсійнай групы на тэрыторыі Украіны і Беларусі. Пасля вайны ваяваў з „ляснымі братамі” (яго спецатрад дзейнічаў пад выглядам „банды”), працаваў на кіраўнічых пасадах у МДБ (КДБ).
Таксама праектаваныя вуліцы атрымалі імёны кампазітара Уладзіміра Алоўнікава (ад Ігуменскага тракта да вуліцы Чыжэўскіх), паэта Алеся Дудара, ахвяры сталінскіх рэпрэсій (ад Ігуменскага тракта да будучай вуліцы Смоліча).
Беларускае Радыё Рацыя