У Мікашэвічах не могуць пракласці 600 метраў тэлефоннага кабеля
Крыху больш за паўкіламетра тэлефоннага кабеля патрэбна працягнуць, каб жыхары 10-га мікрараёна горада Мікашэвічы атрымалі тэлефонную сувязь. Адказы на запыты ў гарвыканкам і дэпутату Ларысе Ляшкевіч, пад якімі падпісаліся 60 чалавек, былі несуцяшальнымі. Людзям паведамілі, што тэлефанізацыя мікрараёна запланавана толькі на 2016 год, кажа актывіст кампаніі „Гавары праўду” Леанід Дубаносаў:
– Там кабель правесці 600 метраў ад дома да нашага мікрараёна – гэта для іх праблема. Пачынаюць локшыну вешаць, што кабель спаліць. Не могуць правесці кабель на 80 тэлефонаў, тым больш яны не ўручную капаюць, там ёсць спецыяльны трактар з плугам – кабель адразу закапваецца ў зямлю.
Паводле Леаніда Дубаносава, улады ім параілі звярнуцца ў Лунінецкі райвыканкам, калі будуць не згодны з адказам. Людзі, канешне, скарыстаюцца парадай, бо не хочуць жыць без тэлефоннай сувязі.
Беларускае Радыё Рацыя
