У мікрараёне Граеўка ў Берасці з кранаў цячэ каналізацыйная вада



Некалькі дзён у мікрараёне Граеўка ў берасцейцаў з кранаў цячэ каналізацыйная вада. Яна не прыгодная для ўжывання, бо не адпавядае гігіенічным нормам. Грамадзяне атрымоўваюць падвазную ваду.

Дакладных прычын пагаршэння якасьці вады афіцыйна ніхто не патлумачыў. Жыхары мікрараёну распавялі, як яны дазналіся пра тое, што вада сапсаваная:

– Мы зразумелі па смуроду.

 – Прыйшла з гароду брудная, пайша мыцца ў душ. Галаву памыла. Вада смярдзючая – страшна – фекаліямі смярдзіць.

 – Сказалі, што была аварыя і пераблаталі трубы – падключылі ачыстную трубу. Хацелі папць чаю, а вада смярдзіць фекаліямі.

“У гэтым выпадку бачым аварыйную сітуацыю, якая рэгулюецца нарматыўным актам аб аказанні жыллёва-камунальных паслуг”, – распавёў прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Беларускі Хельсінскі камітэт па Берасцейшчыне Віталь Нагорны:

– Два бакі ў гэтай стуацыі – спажывец і выканаўца. Кампенсаваць страты абавязаны выканаўца, згодна закону, у тым выпадку, калі наўмысна нанёс маёмасныя страты альбо маральныя страты. Нават, калі гэта атрымалася ў выніку аварыі, выканаўца абавязаны кампенсаваць шкоду.

Усе працы па ліквідацыі аварыі даручана было завяршыць да 4 верасня, аднак дагэтуль людзі не рызыкуюць ужываць ваду з-пад крана. За тры дні камісія па надзвычайных сітуацыях збіралася тройчы, дастаўка вады ў мікрараён была пастаўлена на кантроль. Берасцейскі “Дорводаканал” прынёс афіцыйнае прабачэнне жыхарам гораду.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце