У міліцыі пабачылі фотаздымак з пікета Чарнавуса і зацікавіліся
Намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку Баранавіцкага гарадскога аддзела міліцыі Сяргей Паўленя аператыўна адрэагаваў на паведамленне ў СМІ пра адзіночны пікет Мікалая Чарнавуса. Пасля публікацыі на Беларускім Радыё Рацыя інфармацыі пра паўтарагадзінны недазволены ўладамі пікет супраць казнакрадства чыноўнікаў, Чарнавусу патэлефанаваў Паўленя і спытаў, ці сапраўды актывіст праводзіў пікет, бо на здымку да інфармацыі не відаць, хто трымае плакат з надпісам: “Чыноўнікі – злодзеі. Ваш дом – турма”, – кажа Мікалай Чарнавус:
– Калі паспрабуеш выклікаць міліцыю на якую ўскраіну горада, то будзеш чакаць цэлы дзень. А тут адразу пацікавіліся. Дык я ім адкразу сказаў: не каб павіншавалі мяне ў нядзелю са святам, а вы толькі мне нервы псуеце гэтай палітыкай.
Мікалай Чарнавус вядомы ў Баранавічах сваёй актыўнай грамадскай дзейнасцю чалавек. Тэму карупцыі і казнакрадства чыноўнікаў ён падымае пастаянна. Не раз ён звяртаўся за дазволам на акцыі падобнага роду, але ніколі не атрымліваў дазволу. Апошнім разам Чарнавус не звяртаўся за дазволам, але акцыю правёў.
Беларускае Радыё Рацыя