Мінлясгас: намеру выкрэсліваць рысь з Чырвонай кнігі няма
Міністэрства лясной гаспадаркі не мае намеру выводзіць рысь з Чырвонай кнігі і дазваляць у найбліжэйшы час на яе паляванне. Пра гэта заявіў начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Аляксандр Казарэз на прэс-канферэнцыі ў Менску 20 верасня.
Паводле яго слоў, за апошнія гады колькасць рысі, якая з 1981 года ўнесеная ў Чырвоную кнігу, значна павялічылася. „Паводле дадзеных статсправаздачнасці за 2018 год, яе колькасць склала 430 асобін. Нядаўна ж карыстальнікі паляўнічых угоддзяў далі нам інфармацыю пра тое, што налічылі 830 рысяў. Па плане кіравання, аптымальная колькасць гэтай жывёлы павінна быць у раёне 1,5 тысячы асобін. А мы атрымалі лічбу ў 830 толькі ад тых карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў, які захацелі даць справаздачу, без уліку асабліва ахоўных прыродных тэрыторый. То бок мы разумеем, што ўжо блізкія да гэтай аптымальнай колькасці”, — расказаў Казарэз.
На пытанне пра неаднаразовыя прапановы міністэрства вывесці рысь з Чырвонай кнігі, ён адказаў: „Мы не прапаноўваем перавесці рысь у паляўнічы від і ўжо заўтра пачаць яе страляць. Па-першае, гэта немагчыма заканадаўча, па-другое, не факт, што ўсе тут жа пачнуць на рысь паляваць. Усё ж гэта досыць спецыфічны від. Калі гэта калісьці і адбудзецца, то гэта будзе выбарачны адстрэл”.
Для пачатку трэба наладзіць улік рысі, падкрэсліў прадстаўнік Мінлясгаса. Трэба падлічыць яе канкрэтную колькасць. Акрамя таго, пры абмеркаванні статусу рысі трэба ўлічваць адмоўныя фактары, з-за якіх жывёлу ўнеслі ў Чырвоную кнігу. Такімі фактарамі былі нізкая кармавая база і браканьерства. За апошнія гады гэтыя фактары значна знізіліся. „Рысь корміцца зайцам-беляком і казуляю. Цяпер колькасць казулі расце імкліва. Пра выпадкі браканьерства таксама нічога не вядома”, — расказаў Казарэз.
Акрамя таго, працягнуў ён, большасць карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў абмяжоўваюць паляванне на палове сваіх тэрыторый, найбольш каштоўных для капытных, а там жыве і рысь. Дзякуючы гэтаму колькасць рысі павялічваецца. „Нам цалкам зразумела іх (карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў. — БелаПАН.) імкненне зрабіць гэты від паляўнічым, паколькі яны бачаць вынік сваёй працы, павелічэнне колькасці. Яны не разумеюць, чаму не могуць адстрэльваць рысь па прыкладзе, напрыклад, Расіі і краін Скандынавіі або краін Прыбалтыкі, дзе яна таксама ў Чырвонай кнізе, але ліквідацыі праводзяцца. Гэта значыць механізмы ліквідацыі буйных драпежнікаў, пэўныя мадэлі здабычы без шкоды для папуляцыі, калі жывёл досыць шмат, ёсць”, — падкрэсліў прадстаўнік Мінлясгаса.
„Давайце правядзем добры маніторынг папуляцыі рысі. На працягу шэрагу гадоў палічым, пераканаемся, што гэтаму віду нічога не пагражае. І затым прапануем нейкія механізмы па кіраванні папуляцыяй і выкарыстанні рэсурсаў, заснаваных на перадавым вопыце Канады, краін Скандынавіі, Расіі, Прыбалтыкі. Тады штосьці, магчыма, пачнем ліквідаваць”, — заявіў Казарэз.
Пытанне аб вывядзенні рысі з Чырвонай кнігі Беларусі Мінлясгас уздымаў яшчэ ў 2017 годзе, але тады за жывёлу заступіліся эколагі.
У жніўні 2019 года на сайце Petitions.by з’явілася петыцыя з патрабаваннем захаваць рысь як ахоўны від. Прычынай петыцыі паслужыў ліст Мінлясгаса ў Савет міністраў з той жа прапановай — вывесці рысь з-пад абароны і перавесці ў разрад паляўнічых відаў. Аўтары петыцыі ў тым ліку прапаноўвалі стварыць план дзеянняў па захаванні папуляцыі рысі ў Беларусі; павялічыць фінансаванне на маніторынг колькасці рысі; аказаць садзейнічанне лясным і паляўнічым гаспадаркам у вывучэнні замежнага вопыту па дэманстрацыі рысі як аб’екта экатурызму.
16 верасня петыцыя была накіравана ў Савет міністраў і Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
belapan.by