У Мінпрацы назвалі 3 варыянты павышэння пенсійнага ўзросту
Пасля нарады ў прэзідэнта міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна распавяла, якім чынам прапаноўваецца павышаць пенсійны ўзрост у Беларусі. Паводле яе слоў, пачаць гэты працэс прапаноўваецца з 1 студзеня 2017 года.
Міністр працы і сацыяльнай абароны падкрэсліла, што канчатковае рашэнне прымуць пасля «шырокага абмеркавання» гэтага пытання. Аднак, як менавіта будзе праходзіць гэтае абмеркаванне, не ўдакладніла.
«Я звяртаю ўвагу на тое, што гэта прапанова. Гэта першае абмеркаванне ў такім шырокім складзе на ўзроўні прэзідэнта. Таму кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што абавязкова павінна быць улічана меркаванне грамадства, вельмі важная зваротная сувязь з боку людзей, — сказала міністр. — Толькі пасля гэтага будзе прымацца канчатковае рашэнне».
Паводле яе словаў, прапаноўваецца пачаць павышаць пенсійны ўзрост з 1 студзеня 2017 года. Рабіць гэта будуць у некалькі этапаў. На разгляд прэзідэнта вынеслі тры варыянты.
Першы варыянт прадугледжвае выхад на пенсію жанчынаў у 60 гадоў і мужчынаў у 65. Мар’яна Шчоткіна адзначыла, што гэта найбольш эканамічна прымальны варыянт, бо дае добрыя паказчыкі.
Другі варыянт быў зроблены з улікам дэмаграфічных працэсаў: выхад на пенсію жанчынаў у 60 гадоў, мужчынаў — у 63 гады. «Тут за аснову бралася перш за ўсё тое, што сёння сярэдняя працягласць жыцця жанчын складае 78,4 года, а атрыманне пенсіі — больш за 20 гадоў пасля выхаду на пенсію», — адзначыла міністр.
«Але ўзнікае пытанне: ці можам мы сёння выкрасліць з рахункаў сацыяльны аспект, нагрузку на жанчын? Ці павінна быць розніца паміж выхадам на пенсію ў мужчын і жанчын? Якая нагрузка на жанчын у хатняй гаспадарцы? Ці дасягнулі мы сёння таго ўзроўню гендэрнай роўнасці?» — працягнула Марыяна Шчоткіна.
Зыходзячы з гэтага, трэці варыянт прадугледжвае ўвядзенне пенсійнага ўзросту з 58 гадоў для жанчынаў і з 63 — для мужчынаў.
Што тычыцца тэмпу, з якім плануецца павялічваць пенсійны ўзрост, дык найбольш аптымальным з’яўляецца з крокам у паўгода.
«Мы ўжо згубілі момант, калі можна было рухацца па адным ці тры месяцы. Калі мы хочам захаваць стабільнасць у дзяржаве, то сёння найбольш невялікі тэмп, які мы можам сабе дазволіць, — гэта 6 месяцаў. Ёсць і іншыя прапановы: 8 месяцаў, 1 год. Але 1 год — гэта вельмі жорсткі варыянт», — сказала міністр.
У якасці аргументацыі для такой пенсійнай «рэформы» Марыяна Шчоткіна падзялілася статыстычнымі раскладкамі: калі ў 2001 годзе суадносіны пенсіі да заработнай платы былі 45%, то ў 2015 годзе было ўжо 41,7%. «Наша нацыянальная бяспека не дапускае сітуацыі, пры якой гэтыя суадносіны апусцілася б ніжэй за 40%. Добра было б, каб павялічвалася», — сказала міністр.
Па словах міністра, цяпер у нас 61 пенсіянер на 100 працуючых, але па прагнозах ў 2020 годзе гэтыя суадносіны будзе ўжо 66 да 100, калі нічога не рабіць, то у 2030 годзе — 78 пенсіянераў на 100 працуючых. «Ці гатовыя мы да гэтага, гатовыя мы памяншаць пенсіі? Не. Гатовыя мы павялічваць тарыфы ў Фонд сацыяльнай абароны? Не. Гатовыя кардынальна мяняць сістэму? Таксама абмяркоўвалася», — распавяла Марыяна Шчоткіна.
Прагучаў і адказ на пытанне, якое задаў ў пачатку нарады ўраду Аляксандр Лукашэнка: «Мы ўжо падышлі да таго сур’ёзнага моманту, калі трэба прымаць рашэнне, ці яшчэ сітуацыя церпіць, з пункту гледжання эканомікі выключна».
«Ці можам мы абысціся сёння і не разглядаць павышэнне пенсійнага ўзросту? Казаць шчыра — не, — заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны. — Задача кожнай дзяржавы — гарантаваць своечасовасць і паўнату выплаты пенсій. Больш за тое, памер пенсій, а гэта дабрабыт пенсіянераў, ні ў якім разе не павінен памяншацца, а толькі павялічвацца, па меншай меры, захоўвацца ў адносінах да сярэдняй заработнай платы».