У Менску адбыўся «ланцуг незалежнасці» (абноўлена)
Праціўнікі інтэграцыі з Расеяй выстраіліся жывым ланцугом уздоўж праспекта Незалежнасці ў Менску.
Акцыя «Ланцуг незалежнасці» пачалася ў 15.00. Жывы ланцуг (каля 80 чалавек) расцягнуўся ад Галоўпаштамта ў бок Кастрычніцкай плошчы. Людзі стаялі, трымаючыся за рукі, некаторыя – з бел-чырвона-белымі сцягамі. У ліку ўдзельнікаў – апазіцыйныя палітыкі Вольга Кавалькова (сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя), Дзмітрый Кучук (намеснік старшыні Беларускай партыі „Зялёныя”), Юрый Губарэвіч (лідар руху „За Свабоду”), Віталь Рымашэўскі (сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”).
Супрацоўнікі ДАІ ветліва прасілі тых, хто сабраўся, адысці ад праезнай часткі на 50 сантыметраў, але не перашкаджалі правядзенню акцыі.
«Ланцуг незалежнасці» стаў працягам акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй, якая прайшла сёння ў Менску з 12.00 да 14.00. Яна пачалася мітынгам на Кастрычніцкай плошчы і завяршылася на плошчы Незалежнасці.
***
У Менску прайшла чарговая антыінтэграцыйная акцыя – „жывы ланцуг”. Нязгодныя з інтэграцыяй узяліся за рукі і сталі ўздоўж праспекта Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці. Акцыя атрымалася нешматлікай.