Суд пакараў Зміцера Паліенку вялікім штрафам (абноўлена)
Актывіст анархісцкага руху Зміцер Паліенка судом Заводскага раёна Менска пакараны штрафам у памеры 50 базавых велічынь паводле артыкула 17.11 КоАП РБ «выраб, распаўсюд і (альбо) захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».
* * *
У судзе Заводскага раёна Менска раніцай 31 студзеня пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы актывіста анархісцкага руху Дзмітрыя Паліенкі. Працэс вядзе суддзя Алена Капцэвіч.
Паліенка быў затрыманы ўвечары 29 студзеня ў Менску. Яго даставілі ў гарадскі аддзел міліцыі Заводскага раёна, дзе ён правёў ноч.
У канцы мінулага года ў дачыненні да актывіста быў складзены пратакол на падставе артыкула 17.11 КоАП (выраб, распаўсюджванне і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). У праваабаронцаў ёсць звесткі яшчэ аб адным пратаколе ў дачыненні да Паліенкі ўжо згодна з артыкулам 23.4 КоАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі).
Падставай для адміністрацыйнага пераследу з’явіўся пост у „Фэйсбуку” з выявай маладога чалавека і надпісам на вопратцы, унесеным у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Паліенка таксама з’яўляецца фігурантам справы згодна з арт. 341 Крымінальнага кодэкса, якую 23 студзеня распачаў Следчы камітэт за нанясенне графіці на адзін з будынкаў на вуліцы Ахоцкая ў Заводскім раёне Мінска. Разам з ім па гэтай справе праходзяць Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева.
Паводле папярэдняй інфармацыі, 22 снежня мінулага года Паліенка з сябрамі нанеслі графіці на сцяну будынка на вуліцы Ахоцкая. Верагодна, супрацоўнікі міліцыі змаглі іх апазнаць па відэаздымцы з акцыі, нягледзячы на закрытыя маскамі твары. 21 студзеня Паліенку і Чуліцкага затрымалі. Раніцай таго ж дня ў кватэры Чуліцкага ў прысутнасці яго маці чатыры супрацоўнікі следчых органаў правялі вобыск. Былі канфіскаваныя ноўтбук і некалькі тэлефонаў. 23 студзеня Паліенку, Чуліцкага і Гусеву пасля допыту ва УУС Заводскага раёна адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Паліенка быў вызвалены 24 кастрычніка 2018 года з бабруйскай папраўчай калоніі № 2. Крымінальную справу ў дачыненні да яго распачалі пасля велапрабегу „Крытычная маса” ў красавіку 2016 года ў Менску. 12 кастрычніка 2016 года суд прызнаў яго вінаватым у „гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў” — маладога чалавека абвінавацілі ў тым, што ён парваў куртку міліцыянеру.
Фота ПЦ „Вясна”