У Міры адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар японскага дыпламата Тыунэ Сугіхары
У гады Другой сусветнай вайны японскі дыпламат Тыунэ Сугіхара, рызыкуючы жыццем, выратаваў ад смерці тысячы яўрэяў, у тым ліку і жыхароў Карэліцкага раена.
Праз дзесяцігоддзі яго подзвіг жывы ў памяці многіх народаў, а 2 мая ўвекавечаны на мемарыяльнай дошцы. Яе адкрылі на будынку былой ешывы ў гарадскім паселку Мір.
Тыунэ Сугіхара (1900-1986) пачынаў дыпламатычную кар’еру ў японскім пасольстве ў Харбіне. Затым працаваў у Міністэрстве замежных спраў спачатку Японіі, пасля – Маньчжоу-го. Некаторы час правёў у японскім пасольстве ў Хельсінкі. У сакавіку 1939 года Сугіхару назначылі віцэ-консулам у Каўнас, тады сталіцу Літвы. У гэтай краіне ён стаў першым японскім дыпламатам. На той момант ён добра ведаў рускую мову, прыняў праваслаўе і ў сваёй працы кіраваўся хрысціянскімі каштоўнасцямі, пазбягаў фармалізму і ў самай складанай сітуацыі знаходзіў шлях дапамагчы чалавеку. Падчас вайны, рызыкуючы пасадай і жыццём, Сугіхара выпісаў каля 2139 віз яўрэям. Калі ўлічваць, што дакумент выдаваўся на сям’ю, то дзякуючы самаадданаму дыпламату пазбеглі смерці каля 6 тысяч чалавек. Сугіхары часта прыходзілася з дапамогай жонкі выпісваць дакументы ад рукі, бо не было гатовых бланкаў, ён працаваў па 18-20 гадзінаў у суткі. Калі зачынілі консульства, мужчына некалькі дзён здымаў нумар у гасцініцы і працягваў ставіць візы. А перад тым, як з’ехаць з Літвы, пакінуў консульскі штамп бежанцам, каб тыя мелі шанс на новае жыццё. Сам жа пасля працаваў консулам у Празе, Калінінградзе, Бухарэсце. У рэшце рэшт вярнуўся ў Японію, дзе яму давялося развітацца з дыпламатычнай службай і перайсці на пасаду прадстаўніка японскай гандлёвай кампаніі ў СССР. У 1985 годзе Тыунэ Сугіхара атрымаў ад ізраільскага ўрада званне “Праведнік народаў свету” за выратаванне яўрэяў у ваенныя гады. Дарэчы, і ў сябе на радзіме ў Японскай Праваслаўнай Царкве ён ўшаноўваецца ў ліку праведных.
Сам жа Тыунэ Сугіхара не бачыў нечага надзвычайнага ў сваім учынку: “Вы хочаце пачуць пра маю матывацыю? Мной кіравалі простыя чалавечыя пачуцці – чуласць, зычлівасць, літасць, калі я бачыў бежанцаў, а сярод іх было столькі старых і дзяцей, і яны са слязьмі на вачах прасілі дапамогі. Так, я ведаў, што рызыкаваў усім, але быў упэўнены ў сваіх дзеяннях. Бо ў выратаванні жыцця іншых нічога няправільнага быць не можа. Дух чалавечнасці, дабрачыннасці, суседскай дружбы дапамагаў мне адолець усе цяжкасці, і я працягваў справу з падвоенай мужнасцю”.
Ва ўрачыстым адкрыцці дошкі прымалі удзел як мясцовыя жыхары, так і шаноўныя замежныя госці.
Асаблівым госцем стаў на адкрыцці сын Тыунэ Сугіхара – Нобукі Сугіхара.