У Мосары адзначылі свята Яна Хрысціцеля



24 чэрвеня ў Мосары, што ў Глыбоцкім раёне, па традыцыі адбыліся ўрачыстасці ў гонар святога Яна Хрысціцеля.

Нягледзячы на пандэмію, у касцёле Святой Ганны на ўрачыстай імшы (малебне) прысутнічала каля 200 чалавек. Толькі невялікая частка з іх была ў масках. Шмат хто з людзей спадзяецца на Бога ў гэты складаны час і моліцца, каб не захварэць ці без ускладненняў перанесці каронавірус.

Святочнае набажэнства ўзначаліў ксёндз Мікалай Ціхановіч, які падчас яго нагадваў вернікам пра важнасць захавання дыстанцыі і выканання правілаў асабістай бяспекі.

Напрыканцы ўрачыстасці адбылася працэсія Божага Цела.

Сёлета ў Мосары не было далейшай культурніцкай праграмы па святкаванні Купалля. Яго традыцыйна арганізоўваў Глыбоцкі аддзел культуры пасля свята Яна Хрысціцеля. У сувязі з пандэміяй Купалле ў Мосары вырашана было не праводзіць.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя