У МУС паведамілі падрабязнасці затрымання кіраўніка Салігорскага райвыканкама



Старшыню Салігорскага раённага выканаўчага камітэта (Менская вобласць) Алега Паскробку затрымалі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў падчас яго працы на пасадзе першага намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Як паведамляе прэс-служба МУС, як асоба, якая займае адказнае становішча, ён лабіяваў інтарэсы замежнай камерцыйнай структуры па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

„На працягу некалькіх гадоў першы намеснік міністра ЖКГ з карыслівай і асабістай зацікаўленасці неаднаразова перавышаў службовыя паўнамоцтвы і атрымліваў ад прадстаўніка камерцыйнай структуры незаконныя грашовыя ўзнагароджанні. Яны склалі дзве тысячы еўра, — сказала старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ МУС Вераніка Пасмеццева. — Прыдуманы падазраваным спосаб атрымання грошай быў вельмі хітры і ў інтарэсах следства пакуль не выдаецца”.

Чыноўнік быў затрыманы 17 чэрвеня. За перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў Следчым камітэтам Беларусі распачатая крымінальная справа. Санкцыя артыкула па гэтым карупцыйным злачынстве прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Алег Паскробка 1979 года нараджэння, быў прызначаны кіраўніком райвыканкама 10 жніўня 2017 года. Папярэдняя пасада — першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі (2015—2017).

У чэрвені 2017 года быў затрыманы папярэднік Паскробкі Аляксандр Рымашэўскі, які кіраваў раёнам з лістапада 2006 года. Яго затрымалі пры атрыманні хабару ў 2,7 тыс. долараў на трасе каля вёскі Камень Капыльскага раёна (Менская вобласць). Праз год ён быў памілаваны і прызначаны дырэктарам дзяржаўнага сельгаспрадпрыемства „Радастаўскі” ў Драгічынскім раёне Берасцейскай вобласці.

belapan.by