У МУС распавялі, як беларусы могуць заявіць пра ВНЖ або „карту паляка”
У грамадзян Беларусі ёсць некалькі магчымасцяў заявіць аб другім грамадзянстве, відзе на жыхарства ці іншых „дакументах замежных дзяржаў, якія даюць права на льготы і перавагі” (маецца на ўвазе сярод іншага „карта паляка”).
Алгарытм прадастаўлення інфармацыі прапісаны ў сумеснай пастанове МУС і МЗС краіны. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале і ўступае ў сілу.
Інфармацыю можна падаць праз адзіны партал электронных паслуг (platform.gov.by), асабіста прыйсці ў органы ўнутраных спраў або дыпламатычнай службы, а таксама — праз інфармацыйную сістэму ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб.
Можна накіраваць і пісьмовы зварот у орган унутраных спраў або дыпламатычнай службы.
Ад заяўніка чакаюць дзве паперы: запоўненае апавяшчэнне і копіі старонак замежнага дакумента. Адказнасці за невыкананне гэтага патрабавання пакуль няма. У выніку за першыя 10 дзён дзеяння абноўленай рэдакцыі закона ў міліцыю пра сябе паведамілі толькі каля ста чалавек.