У МУС заклапочаныя праблемай уцечкі інфармацыі



Неабходна прыняцце далейшых мер па абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, супрацоўнікаў унутраных спраў, а таксама спыніць уцечку інфармацыі пра іх, заявіла ў эфіры праграмы „Панарама” на тэлеканале „Беларусь 1” афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава.

„Сёння неабходна прыняцце далейшых дзейсных мер па абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі грамадзян, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, супрацоўнікаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС. Неабходна звярнуць увагу ў тым ліку на дысцыпліну, бо ёсць пытанні ў частцы ўцечкі інфармацыі, службовай інфармацыі — і гэта немалаважны кірунак”, — заявіла Чамаданава.

Прадстаўнік МУС патлумачыла, што размова ідзе перш за ўсё пра кібербулінг, булінг у дачыненні да супрацоўнікаў ведамства.

На Новы год працягнецца ўзмоцнены варыянт нясення службы для міліцыі, адзначыла таксама Чамаданава, „будуць прынятыя ўсе меры, каб не дапусціць ніводнага надзвычайнага здарэння”.

Яна заклікала з разуменнем ставіцца да некаторых мерапрыемстваў, якія будуць рэалізоўваць супрацоўнікі міліцыі: прапускны рэжым, надглядныя мерапрыемствы.

Паводле яе сцвярджэння, у цэлым крымінагенная сітуацыя „застаецца стабільнай і кантраляванай на сённяшні дзень праваахоўнымі органамі”: за 11 месяцаў 2020 года зарэгістравана злачынстваў на 3,9% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага. У асноўным рост адбыўся за кошт кіберзлачынстваў.

Акрамя таго, паводле слоў Чамаданавай, павялічылася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, якія пацягнулі гібель людзей; забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі смерць. У той жа час знізіўся ровень крымінальнай актыўнасці ў грамадскіх месцах, колькасць злачынстваў, учыненых замежнымі грамадзянамі.

belapan.by

Фота: belnaviny.by