У Музеі Беларускага Палесся – выстава пра Чарнобыль
Музей Беларускага Палесся, што месціцца ў Пінску, падрыхтаваў тэматычную выставу “Чорны боль” – да 30-х угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Да 20 траўня экспазіцыя будзе нагадваць наведвальнікам музея пра нацыянальную катастрофу, якая здарылася 26 красавіка 1986 году. “Заўсёды ўражваюць архіўныя фотаздымкі пакінутых вёсачак, бо ўсё давялося бачыць на ўласныя вочы”, – адзначае ўдзельнік ліквідацыі наступстваў трагедыі Аляксандр Федаровіч:
– Куды не зойдзеш бачна, нібыта толькі што выйшлі людзі. Такія населеныя пункты прыгожыя, хаткі пабеленыя. І машыны не дазвалялі вывозіць, там стаілі і аўтамабілі. Але пуста. Маёмасць, калі людзі з’ехалі, засталася, і марадзёры расцягвалі гэтую маёмасць і перапрадавалі потым.
Ужо заўтра – 26 красавіка – ў Беларусі адбудуцца жалобныя мерапрыемствы з нагоды 30-годдзя Чарнобыльскай трагедыі. Кульмінацыяй стане традыцыйнае шэсце ў Менску “Чарнобыльскі шлях”.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя