У “Музейную ноч” Кобрынь вернецца ў СССР
Кобрыньскі ваенна-гістарычны музей імя Суворава запрашае 20 траўня павярнуць час назад і апынуцца ў Савецкім Саюзе. Гэта адбудзецца падчас акцыі “Музейная ноч – 2017”. Акцыя называецца “Мой адрас – Савецкі Саюз” і прысвечана 100-годдзю Вялікага Кастрычніка – пазначана на афішы музея.
Грамадскі актывіст Алесь Мех лічыць такую прапанову шкоднай і некарэктнай у святле апошніх падзей:
– Я б не назваў крэатыўнасцю прапанову вось гэтых людзей. Гэта неадукаванасць кіраўніцтва і іх нізкі культурны ўзровень. Першыя крокі савецкіх уладаў – пошук сапраўдных гаспадароў і высылка іх у Сібір як кулакоў. Адтуль увогуле ніхто не вярнуўся. Камуністы пачалі разбураць духоўнае жыццё: яны знішчалі цэрквы і касцёлы, знішчалі там святароў.
Паводле Алеся Меха, супрацоўнікаў музея не бянтэжыць да гэтага часу сама назва музея, якая носіць імя Суворава – ката беларускага народа. Але падчас экскурсій супрацоўнікі музея дагэтуль расказваюць пра ваенныя поспехі і здольнасці палкаводца Суворава.
Беларускае Радыё Рацыя, Кобрынь