У музейным комплексе „Сула” адбыўся пажар



Ратавальнікі ліквідавалі пажар у музейным комплексе „Парк гісторыі „Сула” ў Стаўбцоўскім раёне.

Як паведамляе прэс-служба МНС, паведамленне пра пажар паступіла ў экстранныя службы 15 снежня ў 20.43.

Да прыбыцця падраздзяленняў МНС дах будынка Каралеўскай асамблеі гарэў адкрытым полымем.

Аднапавярховы каменны будынак плошчай 450 квадратных метраў з металічным дахам пабудаваны, як мяркуецца, у 19 стагоддзі. Яго рэканструкцыя праводзілася ў 2008 годзе.

Пажар быў аператыўна лакалізаваны і ліквідаваны выратавальнікамі. Ніхто не пацярпеў.

Прычына пажару высвятляецца. Магчымая версія ўзнікнення — кароткае замыканне электраправодкі.

Першы ў Беларусі парк-музей інтэрактыўнай гісторыі „Сула” размешчаны за 49 кіламетраў ад Менска на беразе аднайменнага возера.

belapan.by