У Мёрах гарэў фізкультурны комплекс



У Мёрах (Віцебская вобласць) сёння раніцай здарыўся пажар у будынку фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Як паведамілі БелаПАН у Віцебскім абласным упраўленні МНС, інфармацыю пра ўзгаранне выратавальнікі атрымалі каля 9.30. „Цяпер задзейнічана восем пажарна-выратавальных машын, працуе каля 30 чалавек. Пра лакалізацыю пажару інфармацыі пакуль не паступала”, — удакладнілі ва ўпраўленні.

У выніку пажару ніхто не пацярпеў, людзі з будынка былі эвакуяваныя.

У будынку ФАК знаходзяцца саўна і лазня, трэнажорная і гімнастычная залы, залы більярда і настольнага тэніса, а таксама басейн. Комплекс працуе больш за восем гадоў.