У Мёрах з’явіўся мурал-квэст у выглядзе дывана-маляванкі



Дыван-маляванка цяпер упрыгожвае сцяну будынка ў Мёрах на вуліцы Дзяржынскага, 18.

На мурале, які выканаў вядомы стрыт-артар Алесь Kontra на замову грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ), адлюстраваныя славутасці і адметнасці раёна:

Паколькі Язэп Драздовіч з гэтых краёў і традыцыя маляванак там даволі распаўсюджаная, то я прапанаваў зрабіць у Мёрах мурал менавіта ў выглядзе стылізаванага дывана-маляванкі, – расказвае Алесь. – На ім выяўлены 10 славутасцяў Мёрскага раёна – напрыклад, вадаспад у Вяце і каменная званіца ў Навалоцы. Пра ўсе расказваць не буду, каб было цікавей адгадаць самім. На мурале можна пабачыць жураўлёў, лебедзяў, журавіны на арнаменце – гэта таксама адметнасці і своеасаблівыя мясцовыя сімвалы. Спачатку жыхары паставіліся да мурала з асцярогай, а потым, калі я скончыў працу, пайшлі выключна пазітыўныя водгукі. Многія падыходзілі і спрабавалі адгадаць, якія помнікі з якіх населеных пунктаў намаляваныя. Адзін хлопец ехаў міма і здалёк убачыў мурал, сказаў, што адразу пазнаў помнікі з Лявонпаля і потым яшчэ раз пад’язджаў.

АПБ запрашае ўсіх зацікаўленых прайсці квэст і знайсці ўсе славутасці Мёршчыны, выяўленыя на мурале, а потым іх наведаць, каб палюбавацца!

Наталля Саракавік, спецыялістка АПБ па развіцці турызму:

– У межах праекта «Разам для грамады і прыроды Мёршчыны» ў нас запланавана пяць графіці ў Мёрскім раёне. Гэты мурал стаў першым з іх. Мастацкая задума Аляксандра аб’яднаць усе славутасці раёна ў яркім малюнку не пакінула нікога абыякавым. На наш погляд, гэта выдатная ідэя, якая можа быць карысная турыстам і прыцягне ўвагу мясцовых жыхароў. Першым мурал раскажа пра ўсё самае цікавае, што можна пабачыць у раёне, а другім нагадае пра тыя скарбы, якія захоўваюць гэтыя мясціны, і стане нагодай для гонару за свой край. Адметнае і размяшчэнне мурала – у самым цэнтры горада на пешаходнай вуліцы.

Мурал намаляваны ў межах праекта «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Мёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці», які рэалізуецца Мёрскім раённым выканаўчым камітэтам, грамадскай арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і Латвійскім сельскім форумам пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага звязу, прадстаўленага Еўрапейскай камісіяй.

Паводле прэс-рэлізу

Фота Наталлі Саракавік