У Мёрскім раёне труп некалькі дзён знаходзіўся за святочным сталом



Аб знікненні мужа раніцай 8 студзеня ў міліцыю звярнулася жыхарка вёскі Чарэсы, паведамілі ва УУС Віцебскага аблвыканкама. Па словах жанчыны, муж ужо некалькі дзён не з’яўляўся і ня начаваў дома.

Як высветлілі праваахоўнікі, у апошні раз яго бачылі ў гасцях у аднавяскоўца-рамесніка, які нядаўна вярнуўся з Расеі. Падчас праверкі дадзенай інфармацыі супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Мёрскага РАУС зніклы быў знойдзены. Яго труп знаходзіўся ў крэсле за сталом, дзе некалькі дзён ішло бурлівае застолле.

Як высветліла экспертыза, у загінулага мужчыны 1969 года нараджэння мелася драпіна на галаве, ад якой, як мяркуецца, ён і памёр. Уладальнік дома прызнаўся, што нанёс яму ўдар паленам падчас сваркі. З-за апранутага на галаву забітага каптура, вясковец не адразу звярнуў увагу на здарэнне і працягнуў пʼянстваваць. Пазней, як прызнаўся мужчына ў гутарцы з міліцыянтамі, у яго былі падазрэнні, што з госцем не ўсё ў парадку. У дачыненні да падазраванага 1966 года нараджэння следчымі Мёрскага РАСК узбуджаная крымінальная справа.