На пятніцу і суботу ў Беларусі абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі
У сувязі з узмацненнем ветру ў пятніцу і суботу, 21 і 22 красавіка, у Беларусі аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі.
Як паведамляе Гідрамет, днём 21 красавіка ў паўночна-заходніх раёнах, а 22 красавіка на вялікай частцы тэрыторыі краіны чакаецца ўзмацненне заходняга ветру парывамі да 15—20 м/с.
22 красавіка ў Менску чакаецца ўзмацненне заходняга ветру парывамі да 15—18 м/с.
Паводле прагнозу сіноптыкаў, 21 красавіка ноччу ў Беларусі захаваецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску, а днём надвор’е абумовіць франтальны раздзел, які перамяшчаецца з Балтыйскага мора. Ноччу чакаецца пераважна без ападкаў, раніцай у паўночна-заходніх, а днём і ў цэнтральных раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі (дождж, раніцай з мокрым снегам). Тэмпература паветра ўначы ад мінус 1°С па паўночным захадзе да мінус 9°С па паўднёвым усходзе краіны, днём плюс 4—10°С, па поўдні да плюс 12°С.
22 красавіка надвор’е ў краіне па-ранейшаму будуць фармаваць атмасферныя франты, якія змяшчаюцца з Балтыйскага мора. У многіх раёнах Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы, днём па паўночным захадзе з мокрым снегам. Тэмпература паветра ўначы плюс 1—6°С, днём плюс 4—11°С.
БелаПАН