У «Народнай волі» канфіскавалі ўвесь сённяшні наклад
У рэдакцыі газеты „Народная Воля” ў Мінску 12 лістапада невядомыя канфіскавалі ўвесь свежы наклад, паведаміла БелаПАН намеснік галоўнага рэдактара выдання Марына Коктыш.
Паводле яе слоў, раніцай, як толькі разгрузілася машына з накладам газеты, у рэдакцыю прыехалі людзі ў цывільным. Яны не назваліся, не пакінулі ніякіх папер. „Выклікалі АМАП, які пагрузіў увесь наклад у машыну. Затрымалі кіроўцу, які даставіў газету. Хоць у нас усё легальна, усё ў парадку з дакументамі. Таксама затрымалі двух валанцёраў”, — сказала Коктыш.
Яна адзначыла, што напярэдадні рэдакцыю папярэдзілі аб магчымых праблемах з друкам. „Друкарня нас папярэдзіла ўчора ўвечары — іх просяць не друкаваць тыраж. Мы з вялікімі праблемамі прывезлі газету ў Мінск”, — расказала намеснік галоўнага рэдактара.
Журналістка адзначыла, што не ведае, які менавіта матэрыял свежага нумара мог выклікаць такую рэакцыю на адрас „Народнай Волі”. „Прычапіцца можна да любой нататкі, любой дробязі”, — дадала Коктыш.
Нумары „Народнай Волі”, у тым ліку сённяшні, даступныя ў электронным выглядзе па спасылцы.
У канцы кастрычніка стала вядома, што „Народная Воля” ў ліку некалькіх буйных недзяржаўных друкаваных выданняў, такіх як „БелГазета”, „Комсомольская правда” в Белоруссии” і „Свободные новости плюс”, не ўключаная ў падпісны каталог „Белпошты” на першую палову 2021 года.
Менавіта гэтыя газеты з трэцяй дэкады жніўня не друкуе дзяржаўны „Беларускі дом друку” (фармальная прычына — паломка абсталявання) і не распаўсюджваюць па падпісцы і ў раздроб „Белпошта” і „Белсаюздрук”, якія таксама належаць дзяржаве.
„Народную Волю” ўжо выключалі з каталога „Белпошты” — у 2006—2008 гадах.
***
Журналістка Марына Коктыш піша, што ў рэдакцыю „Народнай Волі” прыйшлі невядомыя. Хочуць канфіскаваць увесь сённяшні наклад газеты.
Пры гэтым, яны не паказалі дакументы і не прадставіліся.
Затрымалі кіроўцу, які прывёз газету, і двух валанцёраў. Увесь наклад газеты без усялякіх тлумачэнняў канфіскаваны.
Спампаваць усе нумары „Народнай Волі”, у тым ліку, сённяшні, можна тут.