“У наступным годзе – у Іерусаліме!”



Сёлета 3 красавіка, а 19-й гадзіне, пасля заходу сонца, пачынаецца ПЕСАХ – адно з галоўных рэлігійных святаў у ліцвякоў, як называлі сябе нашы суайчыннікі-габрэі. Яно тоеснае Вялікдню ў хрысціян і сімвалізуе зыход на Свабоду старажытных габрэяў з егіпецкага рабства. Даслоўнае значэнне слова “песах” акурат “прапусціў”. У Беларусі існуе ўплывовы ды шматлікі Саюз беларускіх габрэйскіх грамадскіх арганізацый, у рамках якога ў сталіцы 27 год існуюць курсы па вывучэнні ідыша – мовы, на якой гаварылі еўрапейскія габрэі-інтэлектуалы, увогуле, усе тыя, што жылі на тэрыторыі нашай краіны.

Пра традыцыі святкавання, а таксама пра вывучэнне ідышу расказваюць сябры Менскага грамадскага аб’яднання габрэйскай культуры імя Ізі Харыка – інжынеры Елізавета Мальцава, Міхаіл Цэйтлін ды праграміст Святлана Трыфсік, якая напачатку, як песню, прамовіла пажаданні на Песах, што на ідышы гучыць як “ёўтуф”.

ТРЫФСІК:

  • Вялікая папярэдняя падрыхтоўка да свята – ад “генеральнай” ачысткі кватэры і каб не было “хампца” – нечага квашынага. Будзем есці традыцыйную мацу. Гэтымі днямі не прынятае частавацца альбо пазычаць посуд. У выніку адмовы – не абурацца…

РР: Як правядзеце першую ноч Песаха?

ЦЭЙТЛІН:

  • Збярэмся разам у сінагозе ды зладзім Седэр – святочную вячэру, што звычайна доўжыцца чатыры гадзіны. Гэта свята Свабоды, калі кожны павінен выгнаць з сябе раба. Іерусалім – таксама сімвал, бо там, у Старым горадзе, на паўтара гектары змяшчаюцца святыні не толькі іўдаізму, але хрысціянства ды мусульманства. І святы перагукаюцца, асабліва з хрысціянскімі – той жа распяты Чалавек бярэ на сябе грахі ўсяго народа, даруючы людзям шанец на бессмяротнасць. У Евангеллі Хрыстос кажа: “Я прыйшоў дапамагчы аблудным авечкам Дома Ізраілева…”

IMG_0268

Міхаіл Цэйтлін

РР: Памятую нашумелы “твор” савецкага прапагандыста-кэдэбіста Юрыя Якаўлева “ЦРУ против СССР”, дзе той сцвярджаў, што на радыёвяшчальнай карпарацыі Ізраіля “на іўрыт ідзе вярбоўка да ад’езду габрэяў, на ідыш – інструктаванне агентаў МАССАД”…

ЦЭЙТЛІН:

  • Ідэалагічныя бойкі “халоднай вайны”, асабліва гледзячы сённяшнія расейскія каналы, добра прыгадваюцца. У юнацтве жыў на кватэры ў Вільні ў гаспадара, што вучыўся ў сіянісцкіх школах. Расказваў, як фізічна збіваў вучняў настаўнік, калі чуў, што тыя размаўляюць на ідыш. У свеце, між іншым, налічваецца 10 габрэйскіх моў. Сіяністы, як і камуністы, хацелі мець “адзіную мову, адзіную дзяржаву”.

МАЛЬЦАВА:

  • Як ўзнік культуралагічны габрэйскі рух у Беларусі? Паводле звароту да ўладаў народнага мастака Майданцыка, скульптара Заіра Азгура, заслужанага архітэктара Леаніда Мендэлевіча Левіна, кампазітараў, артыстаў былога Габрэйскага тэатра арганізаваўся клуб аматараў габрэйскай культуры. У 1990 годзе з яго вырас Саюз грамадскіх аб’яднанняў, пры якім усталі на ногі курсы па вывучэнні ідыша. Дайце веры – былі жывыя носьбіты мовы, прынамсі, Грыгорый Львовіч Рэліс, што да 94-га года, пакуль памёр, пісаў ды выкладаў на ёй. Ён і сабраў першых 15 аматараў, з якімі зрабілі шмат самвыдатаўскіх дапаможнікаў. А Аляксандр Міхайлавіч Астраўх выдаў параўнальна нядаўна беларуска-ідыш слоўнік на 50 тысяч слоў, дзе кожны на лацініцы можа знайсці па гуку слова, перакласці яго і прачытаць.

IMG_0257

Елізавета Мальцава

РР: Усё-ткі ідыш у Беларусі вывучаецца не з практычнымі мэтамі…

ТРЫФСІК:

  • Той, хто хоча з’ехаць у Ізраіль, самастойна вывучае іўрыт – дзяржаўную мову. Ідыш – для душы, каб не забыцца на продкаў, што на ім гаварылі, на тое, што і мы іх “тутэйшыя” нашчадкі! Чаму не вывучаць сваё, роднае, што яшчэ чулі ад дзядоў-бацькоў? Генеалагічная памяць дапамагае – чытаеш і прыгадваюцца словы без слоўніка. Дарэчы, нашы курсы – адзіныя, дзе ў Беларусі, хоць і неафіцыйна, вывучаецца ідыш. Смешны факт – з 132-й менскай школы, дзе габрэйскія класы, да нас прыходзіла настаўніца з Ізраіля, што ў нас употайкі вучылася рускай мове, нам выкладаючы той самы ідыш. Да ўсяго, гэта мова літаратуры і мастацтва – вазьміце Шолама Алейхэма, Мэндэля Спорыма, габрэя з Польшчы Зінгера, Мойшу Тэйфа з Менску з цудоўнымі лірычнымі вершамі.

IMG_0267

Святлана Трыфсік

МАЛЬЦАВА:

  • У дзяцінстве на ідыш размаўлялі прэзідэнты Ізраіля, што паходзяць з Беларусі – славутая Голда Меір, Вейцман, Перэс. А Менахем Бегін, што атрымаў Нобеля за мір! Мы займаліся па 2 разы на тыдзень па 3 гадзіны – і “вучні” не разыходзіліся! Перажыўшы свой Халакост і ў Беларусі, людзі баяліся адкрыта казаць напачатку, што яны габрэі, асабліва тыя, што зрабілі кар’еры ў розных галінах. Многія нашчадкі даведаліся пра сваё паходжанне ўжо дарослымі і прагнулі спасцігнуць СВАЮ культуру, мову. І на будучыню – пакуль ёсць моцы, будзем хадзіць на Веры Харужай, 28 і займацца…

Песах, паводле біблейскіх традыцый, доўжыцца восем дзён. У часе святкавання габрэі Беларусі, як ва ўсім свеце, будуць ужываць кашэрную – посную – ежу ды казаць адзін аднаму – “у наступным годзе – у Іерусаліме!”

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара