У Наваградку хочуць перайменаваць вуліцу Савецкую ў гонар Барыса Кіта



Перайменаваць вуліцу Савецкую ў Наваградку і назваць яе ў гонар самага вядомага беларуса Барыса Кіта хочуць землякі вядомага навукоўца. Цяпер яны збіраюць подпісы пад петыцыяй, якую адправяць у мясцовы райвыканкам.

Петыцыя была створана 2 лютага і сабрала больш за дзве сотні подпісаў. У ёй аўтар нагадвае: знакаміты беларускі навуковец Барыс Кіт, які памёр 1 лютага на 108 годзе жыцця, вырас на Наваградскай зямлі і лічыцца ганаровым грамадзянінам горада.

„Лепш за ўсё для перайменавання падыходзіць вуліца Савецкая. Яна з’яўляецца адной з цэнтральных вуліц горада і праходзіць паралельна вуліцы Міцкевіча.

Такім чынам, пасля перайменавання ў сэрцы горада маглі б знаходзіцца дзве вуліцы, названыя ў гонар вядомых сыноў Наваградчыны „, – гаворыцца ў петыцыі.

Як дадае аўтар звароту, калісьці сам Барыс Кіт казаў, што прысваенне яму звання ганаровага грамадзяніна Наваградка было для яго самым вялікім гонарам.

Нагадаем, Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў сям’і беларуса ў Пецярбургу, праз восем гадоў сям’я вярнулася на радзіму на Наваградчыну, тут Барыс Кіт у 1928 годзе скончыў беларускую гімназію.

Пасля заканчэння ў 1933 годзе Віленскага ўніверсітэта працаваў выкладчыкам. У 1948 г. пераехаў у ЗША, дзе працаваў над ракетным палівам і разлікамі палётаў касмічных караблёў.

З 1972 года Кіт жыў у Германіі, з’яўляецца аўтарам мноства навуковых прац і лаўрэатам розных міжнародных прэмій, валодаў сям’ю мовамі.

sputnik.by