У Наваградку ўшанавалі памяць ахвяр мясцовага гета
У Наваградку ўшанавалі памяць ахвяр мясцовага гета і адзначылі 75-ю гадавіну з дня ўцёкаў з яго.
Як расказала БелаПАН навуковы супрацоўнік, куратар Музея яўрэйскага супраціву Наваградка Тамара Вяршыцкая, у горад прыехалі 17 нашчадкаў яўрэяў, якія ўцяклі з гета, знаходзіліся ў партызанскім атрадзе Бельскага.
„Для іх гэта дакрананне да гісторыі сваёй сям’і, магчымасць убачыць радзіму продкаў. Яны захапляюцца кожным домам. А некаторыя пазнаюць дамы, дзе жылі іх бацькі”, — сказала яна.
Вяршыцкая адзначыла важнасць захавання памяці аб яўрэйскім супраціве для ўсіх жыхароў Наваградка. „Гэта гісторыя належыць усім жыхарам горада, — сказала яна. — Уцёкі з Наваградскага гета былі самымі масавымі і паспяховымі ва Усходняй Еўропе. З больш чым 210 чалавек 119 засталіся жывыя, 60 загінулі, імёны 35 чалавек невядомыя. Гэта гісторыя важная для ўсіх беларусаў, гэта напамін пра халакост, пра тое, як цяжка застацца чалавекам у бесчалавечныя часы”.
У гета знаходзіліся 500 ці крыху больш чалавек, палову з іх знішчылі. У верасні 1943 года каля 200 яўрэяў з Навагрудскага гета выкарысталі свой адзіны шанец застацца ў жывых і ўцяклі праз тунэль, які капалі ўручную чатыры месяцы. Выратавацца змаглі 119 чалавек, гэта былі апошнія яўрэі ў Наваградку.
Цяпер мемарыял, прысвечаны ахвярам халакосту і яўрэйскаму супраціву ў Наваградку (уключае Музей яўрэйскага супраціву, Сад непрызнаных праведнікаў, Сцяну памяці і іншыя элементы), працягвае будавацца за сродкі мясцовых і замежных дабрачынцаў, сказала Вяршыцкая. Так, для будаўніцтва Сцяны памяці сямейны фонд Кушнераў, да якіх належыць зяць прэзідэнта ЗША Джарэд Кушнер, выдзеліў 36 тысяч долараў.
Вяршыцкая адзначыла, што ў прадстаўніка кожнай сям’і свая гісторыя. Напрыклад, Артур Дунец з Канады, выхадзец з наваградскай сям’і Клубок, кажа, што яго мама глядзела на наваградскі рынак з акна свайго дома, які цяпер з’яўляецца гарадскім домам культуры (сям’і Клубок належала палова будынка).
Бэці Бродскі Коэн — дачка Фані Дунец, якая ўцякла з гета і ўратавалася. Першы раз яна трапіла ў Наваградак у 2007 годзе. І ўсе гады пасля вывучала складзены Іцхакам Разенхаўсам спіс, згодна з якім людзі пакідалі гета.
„Я працавала з архівамі, сведчаннямі. Спачатку знайшла 113 імёнаў, затым больш за 200. Калі я знаходзіла дзяцей уцекачоў з гета, многія з іх казалі, што я памылілася. Дзеці не верылі, што іх бацькі былі здольныя на такое”, — расказала яна.
Бэці Бродскі Коэн патлумачыла, што людзі, якія ўцяклі з гета, а потым эмігравалі ў Ізраіль і ЗША, у перыяд халоднай вайны хавалі сваю датычнасць да атрада Бельскага, каб „іх не абвінавацілі ў сувязі з камуністамі”. Таксама многія людзі, якія ўцяклі з гета, засталіся адзінымі ў сваіх сем’ях, хто выжыў, ім было вельмі цяжка ўспамінаць драматычную гісторыю сям’і.
Фота novgazeta.by