У Наваполацку аштрафавалі дзяўчыну, якую раней апраўдалі па 23.34 КаАП
Паводле падзеяў 18-га кастрычніка Кацярыну Вінакураву судзілі двойчы. На дзяўчыну склалі пратакол, нібыта яна парушыла заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы, прайшоўшы па вуліцы Маладзёжнай у кампаніі свайго сябра з бел-чырвона-белай стужкай на сумцы.
У лістападзе суддзя Віталь Янюк прызнаў яе не вінаватай, але пракуратура вынесла пратэст, і абласны суд вярнуў справу на паўторны разгляд. На думку Кацярыны Вінакуравай, яна нічога не парушала:
– Гэта проста ўжо ідзе канвеер такі – 23.34. Гуляла па вуліцы. Быў суд, мяне апраўдалі. Але тут нядаўна з’явілася інфармацыя, што суддзя, які мяне судзіў, падаў у адстаўку. Ен таксама казаў: “У нас хіба гуляць забаронена”? Атрымліваецца, што забаронена. І каб кінуць камень у ягоны гарод, пачалі наноў разглядаць гэтую справу.
Інфармацыя пра адстаўку былога суддзі Віталя Янюка і яшчэ чацвярых судзяў, якія пакінулі свае пасады па ўласным жаданні, з’явілася 24-га снежня. Вядома, што ў першыя дні пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў Віталь Янюк караў суткамі і штрафамі мясцовых актывістаў, але ў кастрычніку вынес адразу некалькі апраўдальных рашэнняў па справах удзельнікаў мірных пратэстаў. Чаму так адбылося? Разважае Ірына Машарская – знаёмая Кацярыны Вінакуравай, якая прысутнічала на судзе:
– Спачатку ён судзіў, так. А потым, падаецца, у чалавека памяняўся погляд – зразумеў, што нешта не тое ён робіць. Дайшло, хоць і не адразу, да чалавека. Таму – паболей бы такіх суддзяў! І – я таксама падтрымліваю такую пазіцыю, што , па-першае, гэта капаюць пад таго суддзю, што апраўдаў Кацю, а па-другое – збіраюць грошы ў пустую казну.
Справу Кацярыны Вінакуравай перадалі намесніку старшыні наваполацкага гарсуду Віталю Лапко, і той, прызнаўшы дзяўчыну правапарушальніцай, аштрафаваў яе на 10 базавых велічынь (290 рублёў). Кацярына збіраецца абскардзіць судовую пастанову.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск