У Наваполацку чатырох студэнтаў судзілі за акцыю „Нуль праміле”



Не абыйшлося і без ізалятара.

Студэнты Полацкага дзяржуніверсітэта атрымалі штрафы за акцыю «Нуль праміле», піша gorod214.by. Некалькі студэнтаў ПДУ правялі флэшмоб у галоўным корпусе ВНУ 4 снежня.

7 снежня маладога чалавека і траіх дзяўчат абвінавацілі па артыкуле 23.34. Хлопца ў той жа дзень затрымалі да суду, які адбыўся 10 снежня. Яму далі штраф у 25 базавых велічынь.

Траіх дзяўчат судзілі 14 снежня. Усе яны атрымалі штраф у 5 базавых. Студэнты распавялі, што не згаджаліся з пратаколамі, бо яны праводзілі «не масавую акцыю, а антыалкагольны флэшмоб». Тым не менш, іх прызналі вінаватымі.

Акрамя таго, некалькіх студэнтаў і выкладчыка выклікалі ў Полацкую пракуратуру, дзе іх папярэджвалі аб недапушчальнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах.

Акцыі «Нуль праміле» праводзіліся ў падтрымку затрыманых лекара Бальніцы хуткай меддапамогі Арцёма Сарокіна і журналісткі TUT.by Кацярыны Барысевіч, затрыманых па крымінальнай справе аб «Разгалошванні медычнай таямніцы». Быў апублікаваны дакумент, які сведчыў, што ў крыві забітага пратэстоўца Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. Улады ж сцвярджалі адваротнае.