У Наваполацку міліцыянта затрымалі за наркотыкі
Супрацоўнік Наваполацкага аддзела дэпартамента аховы МУС падазраецца ў нелегальным наркаабароце.
Яго выявілі супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў, паведаміла ў сваім тэлеграм-канале прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава. „Устаноўлена, што 34-гадовы капітан міліцыі купіў у інтэрнэт-краме насенне канапель і вырасціў з іх у кватэры знаёмага не менш як тры кусты. У далейшым з зелля афіцэр згатаваў марыхуану, — гаворыцца ў паведамленні. — У выніку вобыскаў у кватэры падазраванага і яго знаёмага аператыўнікі знайшлі больш за 30 грамаў наркотыку. Паводле вынікаў медыцынскіх аналізаў, у арганізме міліцыянера таксама былі выяўленыя сляды забароненага сродку”.
Падазраваны затрыманы. Ён сцвярджае, што захоўваў канабіс для ўласнага спажывання.
У дачыненні да афіцэра распачатая справа на падставе ч. 1 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў). Правяраецца яго дачыненне да злачынстваў, звязаных са збытам наркотыкаў.
„МУС рэгулярна праводзіць аператыўна-прафілактычныя мерапрыемствы, скіраваныя на папярэджанне, выяўленне, спыненне і папярэджанне правапарушэнняў, учыненых супрацоўнікамі органаў унутраных спраў”, — адзначаецца ў паведамленні.