У Наваполацку патрабуюць адкрытай інфармацыі пра хворых на каронавірус
Станоўчы вынік аналізу на наяўнасць каронавірусу атрымаў галоўны лекар паліклінікі прадпрыемства «Нафтан» Сяргей Чубрык, які браў удзел у пасяджэнні штаба па барацьбе з распаўсюдам каронавірусу ў Наваполацку.
Старшыня наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў паведаміў у Instagram, што ён сышоў у самаізаляцыю, бо стаў «кантактам першага ўзроўню». Колькі яшчэ чыноўнікаў і кіраўнікоў розных гарадскіх структур апынуліся пад наглядам медыкаў, застаецца невядомым. Невядомая і колькасць шараговых гараджанаў, якія, верагодна, захварэлі.
Удзельніца руху «За Свабоду» Вольга Дамаскіна склала зварот у Наваполацкі райвыканкам і санэпідэмстанцыю з патрабаваннем аператыўна інфармаваць мясцовых жыхароў пра колькасць інфікаваных і стан іхнага здароўя:
– У сваім звароце мы просім, каб інфармацыя падавалася канкрэтна, штодзённа, гэта будзе менш правакаваць розных панічных слухаў – што «адна бака сказала»… Першапачаткова гэтая інфармацыя павінна з’яўляцца ў афіцыйных крыніцах: на сайце гарвыканкама і ў мясцовай прэсе.
Ужо заўтра Вольга Дамаскіна плануе даслаць зварот, падпісаны жыхарамі Наваполацка, у мясцовы гарвыканкам.
Беларускае Радыё Рацыя