У Наваполацку ператрус у прафсаюзнай актывісткі Вольгі Брыцікавай



У Наваполацку праходзіць ператрус у кватэры старшыні першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза «Нафтана» Вольгі Брыцікавай.

Ёсць інфармацыя, што ператрус ладзіць КДБ.

Брыцікава прапрацавала на „Нафтане” 16 гадоў, яна займала пасаду начальніка аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў.

У жніўні 2020 года Брыцікава ўдзельнічала ў пратэстах на „Нафтане” супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Калі 17 жніўня быў сход рабочых з удзелам кіраўніка КДК, упаўнаважанага прадстаўніка Аляксандра Лукашэнкі па Віцебскай вобласці Івана Церцеля (цяпер ён — старшыня КДБ), менавіта Брыцікава агучыла патрабаванні да ўладаў.

У канцы 2020 года Брыцікаву звольнілі з прадпрыемства, у 2021 годзе яна стала кіраўніком незалежнага прафсаюза на „Нафтане”.

Апошнім часам на „Нафтане” адміністрацыя актыўна змагаецца з Беларускім незалежным прафсаюзам.  Калі яшчэ некалькі месяцаў таму ад сяброў Беларускага незалежнага прафсаюзу патрабавалі проста пакінуць яго шэрагі, то цяпер махавік рэпрэсій раскручаны на ўсю. Зараз ад чальцоў БНП кіраўніцтва „Нафтана” патрабуе выхаду з БНП і ўступлення ў праўладны Белхімпрафсаюз.

Беларускае Радыё Рацыя