У Наваполацку шукаюць аўтараў “апазіцыйных” надпісаў на будынках
Распачатая крымінальная справа паводле артыкула 341 («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»), у межах гэтай справы тры дні таму былі затрыманыя каля дзясятка чалавек.
Алену Радзькову, давераную асобу Святланы Ціханоўскай на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, 72 гадзіны трымалі пад вартай, прычым у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання. Затрымалі яе міліцыянты, а распытвалі прадстаўнікі Следчага камітэту, распавяла жанчына:
– Была размова са следчым, ці размалёўвала я будынкі, ці гэта я, ці не я. Каля, можа, дзесяці будынкаў размалёвана, распачатая крымінальная справа па 341-м артыкуле. Пыталіся: гэты будынак, гэты будынак, гэты будынак ці не я размалёўвала, з чэрвеня 2020-га году.
Алену Радзькову міліцыянты затрымалі на вуліцы – калі яна адводзіла дзіця ў дзіцячы садок. Яшчэ адну жыхарку Наваполацку, Наталлю Рафянкулаву, затрымалі ў двары ўласнага дома.
Звазілі ў міліцыю, а потым прывезлі назад – на агляд кватэры, кажа спадарыня Наталля:
– „Вы павінны з намі праехаць” сказалі, потым забралі тэлефон. Я пытаюся, што адбываецца, кажу, што мне трэба ісці. Кажуць: “Нічога, хутка пойдзеце!” І тут жа вязуць на агляд кватэры, а я ўсё не разумею, што адбываецца. Спыталіся, ці ёсць у мяне патроны, самагонны апарат і наркотыкі. Я сказала, што няма, але і яны ўсё агледзелі.
Забралі ў Наталлі Рафянкулавай толькі старыя флэшкі. А падчас допыту запыталі, ці не з’яўляецца яна адміністратарам аднаго з наваполацкіх тэлеграм-чатаў. Адпусцілі жанчыну з ІЧУ без аніякіх тлумачэнняў. Таксама з Віцебскага ІЧУ адпусцілі Артура Сінегу і Аляксандра Шэлепня. Яшчэ двое затрыманых, Аляксандр Бондал і Яўген Іваноўскі, знаходзіліся не ў Віцебску, а ў наваполацкім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Іх адпусцілі да суду.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск