У Наваполацку  судзяць віцебскіх незалежных журналістаў



Алену Шабуню і Вячаслава Лазарава вінавацяць паводле артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).

Падставай для судовага разбіральніцтва стаў відэасюжэт пра пажар на наваполацкім прадпрыемстве “Палімір” і пра яго наступствы для работнікаў.  Сюжэт  пра гэтае здарэнне, якое доўга замоўчвалася адміністрацыяй прадпрыемства, увайшоў у праграму “Кожны з нас”, паказаную на тэлеканале “Белсат”. 

Для Алены Шабуні і яе калегі Вячаслава Лазарава гэта ўжо другі суд за супрацоўніцтва з “Белсатам”. Нягледзячы на тое, што збор і распаўсюд інфармацыі гарантаваны беларускай Канстытуцыяй, адзначае журналістка:

– Гэтае права мы маем па Канстытуцыі. Таму, калі судзяць журналіста за тое, што ён журналіст, і падымае нейкія пытанні, то гэта дзіўна. Чамусьці не судзяць тых, хто дапускае праблемныя сітуацыі, і не выпраўляе іх, а судзяць акурат таго, хто распавядае пра праблемы людзей, якія жывуць у Рэспубліцы Беларусь.

На думку віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава, караць незалежных журналістаў – гэта заганная практыка з боку дзяржавы:

-Змагацца супраць свабоды слова такімі метадамі – гэта глупства. Улада, можа, не ведае законаў фізікі – што сіла ціску роўная сіле супроцьдзеяння. Чым большы ціск, тым большы супраціў: людзі не баяцца даваць інтэрв’ю “Белсату”, журналісты не баяцца судоў і штрафаў. Колькасць журналістаў расце, і неўзабаве гэты тэлеканал складзе адчувальную  канкурэнцыю беларускаму тэлебачанню, цалкам падпарадкаванаму дзяржаве.

Праваабаронца Павел Левінаў, незалежныя журналісты з Віцебска і Полацка прыйшлі ў суд, каб падтрымаць Алену Шабуню і Вячаслава Лазарава. А тыя не прызнаюць сябе вінаватымі ў парушэнні заканадаўства.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя