У Наваполацку затрыманы былы палітзняволены Андрэй Гайдукоў
У Наваполацку быў затрыманы былы палітычны вязень, актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Андрэй Гайдукоў. Як паведаміла каардынатарка БХД па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец, Гайдукова затрымалі каля 15-ай гадзіны пасля раздачы ўлётак з інфармацыяй пра беларускіх палітзняволеных:
– Затрымалі яго за распаўсюд улётак. Пра палітвязняў ён улёткі распаўсюджваў. Калі яго адпусцілі, ён мне патэлефанаваў і сказаў, што ён ужо на волі. Ён мне ператэлефаноўваў і я ўдаклядняла, па якім артыкуле яму пратакол аформілі. Ён кажа, што за “арганізацыю і правядзенне масавых мерапрыемстваў”.
Пазней нам удалося звязацца і з самым Андрэем Гайдуковым. Паводле яго сведчання, цяпер яму пагражаюць судом за несанкцыянаваны распаўсюд улётак:
– Праводзілася акцыя ў падтрымку палітвязняў, раздавалася інфармацыя на гэтую тэму, з партрэтамі і інфармацыяй, хто за што сядзіць. Пра Дзядка інфармацыя была, што яму хочуць дадаць год адсідкі. Прыйшлі нейкія людзі з цывільным, мяне здымалі. Каля гадзіны я расклейваў і раздаваў улёткі. Раздаў, іду дамоў, і тут ззаду мяне ўжо даганяюць і затрымліваюць. Адвезлі ва ўчастак і склалі пратакол. Калі затрымлівалі, казалі, што за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, затым склалі пратакол за несанкцыянаваную раздачу інфармацыйных матэрыялаў без узгаднення з выканкамам.
Андрэя Гайдукова затрымлівалі таксама ў лістападзе 2012 году, калі абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці. Пазней прысудзілі да году з паловай калоніі. Андрэй выйшаў на свабоду сёлета ў траўні.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У Наваполацку затрыманы былы палітзняволены, актывіст хрысціянска-дэмакратычнага руху Андрэй Гайдукоў.
Як паведамляе прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Гайдукоў быў затрыманы 21 лістапада прыкладна ў 15.05 пасля раздачы ўлётак з інфармацыяй пра беларускіх палітзняволеных. Амаль увесь час за Гайдуковым сачылі людзі ў цывільным, здымаючы падзеі на відэа. Актывіст быў затрыманы па дарозе дамоў.
Нагадаем, Сяргей Гайдукоў правёў у няволі паўтара года — з лістапада 2012 года па май 2014-га. Паводле інфармацыі следства, ён быў затрыманы „ў момант закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы”, і першапачаткова абвінавачваўся на падставе артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці), пазней абвінавачанне было перакваліфікавана. 1 ліпеня 2013 года Віцебскі абласны суд прызнаў Андрэя Гайдукова вінаватым паводле часткі 1 артыкула 14 і артыкула 356-прым. Крымінальнага кодэкса (замах на наладжванне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі ці разведвальным органам замежнай дзяржавы) і прыгаварыў да паўтара года пазбаўлення волі. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Беларускія праваабаронцы выступілі з сумеснай заявай, у якой прызналі Андрэя Гайдукова палітзняволеным.