У нямецкім Мюнхене ў выніку стральбы 10 забітых і шмат параненых (абноўлена)



Нямецкая паліцыя правяла ператрусы ў кватэры мюнхенскага стралка. Напярэдадні ўвечары ён застрэліў 10 наведнікаў гандлёвага цэнтру ў баварскай сталіцы. Каля шматкватэрнага дому, дзе жыў нападнік, сёння з раніцы дзяжураць дзясяткі супрацоўнікаў сілавых падраздзяленняў. Паліцыя ўжо абшукала кватэру стралка і дапытала яго бацьку. Галоўнае задаенне следчых зараз – высветліць з кім меў зносіны злачынца і якія матывы яго дзеянняў. Сілавікі высветлілі асобу нападніка – гэта 18-гадовы ўладальнік двайнога грамадзянства – Германіі і Ірана.

У ліку 10 загінуўшых чалавек шмат маладых людзей, ёсць параненыя дзеці – паведамляе Deutsche Welle. Сам страляўшы скончыў самагубствам, яго цела было знойдзена на адной з суседніх вуліц.

***

Кіраўнік ведамства канцлера Германіі Петар Альтмаер заявіў, што пакуль не выключаецца аніводная з версій таго, што адбылося, яснасці яшчэ няма. Тое, што здарылася, называюць тэрактам, але сувязі з ісламскім тэрарызмам пакуль не выяўлена. У этэры нямецкай тэлевізіі эксперты адзначылі, што атака здзейснена ў пятую гадавіну бойні, якую зрабіў Андэрс Брэйвік у Нарвегіі. Не выключаецца, што напад здзейснены правымі радыкаламі альбо адным радыкалам.

Медыі Германіі і іншых краін паведамілі, што адзін з тых, што распачалі страляніну ў Мюнхене, мог быць ультраправым экстрэмістам. „У сацыяльных сетках багата паведамленняў пра нападніка, які гаварыў па-нямецку без усялякага акцэнту”, – падкрэсліваецца ў паведамленні Sky News. Паліцыя інфармуе, што ніякіх пакуль звестак пра тое, што да нападу спрычыніліся баевікі Ісламскай Дзяржавы, няма.

***

Нямецкая паліцыя пацвердзіла гібель 8 чалавек у выніку стральбы ў гандлёвым цэнтры „Алімпія”. Акрамя гэтага паведамляецца пра вялікую колькасць раненых і тых, хто знаходзіцца ў стане шоку. дакладных дадзеных па колькасці ахвяраў няма. Злачынцаў дагэтуль не выявілі і не злавілі. У Мюнхен прыбылі падраздзяленні федэральнай паліцыі. Паводле непацверджаных звестак адзін з нападнікаў застрэліўся сам.

Чэхія і Аўстрыя ўзмацнілі ахову мяжы пасля стральбы ў Мюнхене.

***

Страляўшых у цэнтры Мюнхену было ня менш трох. Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў Баварыі Яўхім Херман. У выніку стральбы ёсьць загінуўшыя і параненыя. Неўзабаве пасля стральбы быў спынены рух усяго грамадскага транспарту. Галоўны вакзал Мюнхена эвакуяваны. Паліцыя Мюнхена заявіла, што стральба магла быць спланаваным тэрарыстычным актам. Паліцыя гораду праводзіцб зараз спецаперацыю. Колькасць загінуўшых пакуль дакладна невядомая – называюцца лічбы ад 3 да 6 чалавек.

***

Мюнхенская служба „хуткай дапамогі” заявіла, што зафіксаваныя інцыдэнты са стральбой у розных месцах гораду.

Daily Star піша, што адзін з іх адбыўся ў гарадскім метро на станцыі Марыенпляц. Пасля гэтага там адбылася эвакуацыя людзей. Колькасць пацярпелых пакуль невядомая.

Тэлеканал ARD паведамляе пра эвакуацыю з галоўнага чыгуначнага вакзалу Мюнхена ў рамках аперацыі па пошуку злачынцаў, якія стралялі.

Паводле некаторых звестак злачынец пасля стральбы схаваўся ў метро.

Яшчэ раней адбылася беспарадкавая стральба ў гандлёвым цэнтры Olympia. Нападнікаў было некалькі. Паводле нямецкіх медый колькасць ахвяраў можа дасягаць 15 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя

фота Matthias Balk / EPA