У Нясвіжы знойдзена месца расстрэлаў часу Другой сусветнай вайны



Вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных сіл Беларусі знайшлі ў маі ў Нясвіжы месца расстрэлаў часу Другой сусветнай вайны, паведаміў на прэс-канферэнцыі 19 чэрвеня ў Менску начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Міністэрства абароны Сяргей Варановіч.

„З пачатку Вялікай Айчыннай вайны прайшло ўжо 77 гадоў, і, здавалася б, мы ведаем аб усіх месцах масавага знішчэння савецкіх грамадзян і ваеннапалонных, — адзначыў ён. — Але ў маі падраздзяленні 52-га батальёна правялі, і да гэтага часу праводзяць, раскопкі у Нясвіжы, дзе ў пясчаным кар’еры нямецка-фашысцкія захопнікі праводзілі расстрэлы мірных грамадзян і ваеннапалонных Чырвонай арміі. На гэты час ужо дасталі астанкі 650 загінулых. Пра гэтую акцыю знішчэння раней не было вядома”.

„Нам прыйшоў інфармацыйны ліст са сведчаннем відавочцы пра тое, што на паўночнай ускраіне Нясвіжа, у кар’еры, пахаваныя пяць-шэсць чырвонаармейцаў. Мы думалі, што адпрацуем гэтае месца хутка і па-за планам, а потым працягнем адпрацоўваць асноўныя аб’екты. Але ў першы ж дзень былі знойдзеныя астанкі 22 чалавек. Нашы пошукавікі пачалі шурфіць месца, і аказалася, што астанкаў там нашмат больш. З кожным тыднем іх колькасць павялічваецца на 50-60. На гэты момант іх больш за 650. Паводле папярэдняга аналізу, там яшчэ, напэўна, 150-200 астанкаў будзе выяўлена. Характэрна тое, што спадарожных знаходак мы там практычна не выяўляем. Ёсць астанкі і чырвонаармейцаў, і мірнага насельніцтва. Імёны мы пакуль яшчэ не ўстанавілі. Працы будуць працягнутыя, які гэта зойме час, не гатовы адказаць”, — сказаў Варановіч.

Паводле слоў прадстаўніка Мінабароны, у 2018 годзе запланавана правесці палявыя пошукавыя работы на 79 аб’ектах. За пяць месяцаў года такія работы правялі на 17 аб’ектах. У выніку даследаванняў мясцовасці пошукавікі вынялі і перадалі для наступнага перапахавання астанкі 765 загінулых, у тым ліку 644 ахвяры войнаў, 59 чырвонаармейцаў і 62 ваеннаслужачых перыяду Першай сусветнай вайны. Устаноўленыя імёны дзевяці загінулых.

„У маі—чэрвені 2018 года ваеннаслужачыя 52-га батальёна ў вёсцы Манковічы Пастаўскага раёна паднялі парэшткі 62 ваеннаслужачых Рускай імператарскай арміі. Даўно такога не было, у гільзах выявілі запіскі — звесткі аб радавым Зайцаве, старшым унтэр-афіцэры Бальшакове. Па дакументах аднавілі звесткі аб радавым Палякове”, — дадаў начальнік упраўлення па ўвекавечанні памяці.

БелаПАН