У Нью-Ёрку адзначылі гадавіну аднаўлення незалежнасці Беларусі



23 жніўня ў Беларускім цэнтры ў Нью-Ёрку на Атлантык Авеню 401 адбылася ўрачыстая імпрэза, прысвечаная дню аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, калі 25 жніўня 1991 года  Дэкларацыі  аб незалежнасці  ад 27 ліпеня 1990 года быў нададзены статус  канстытуцыйнага закону  і наша краіна набыла юрыдычны статус  незалежнай дзяржавы. З таго часу Беларусь з’явілася на мапе свету як самастойная краіна, а ў самой Беларусі пачаўся працэс дзяржаўнага будаўніцтва. Пра падзеі таго часу распавёў  Зянон Пазьняк – непасрэдны іх  ўдзельнік, лідар апазіцыі ў Вярхоўным Савеце, якая ініцыявала прыняцце закону  аб  незалежнасці  і дамаглася, каб ён стаўся рэальнасцю. Са святам прысутных вітала госця з Канады – старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Галіна Пазьняк па-мастацку пранікнёна задэкламавала патрыятычныя вершы Ларысы Геніюш, галоўным зместам якіх ёсць ідэя волі і незалежнасці  Беларусі.

У другой палове імпрэзы адбылася прэзентацыя новых кнігаў, якія сваёй тэматыкай непасрэдна з’вязаныя са святкаваннем і ўдала дапоўнілі  ягоную  праграму . Госць з Прагі, журналіст Беларускай рэдакцыі  Радыё Свабода, намеснік старшыні  Рады БНР Сяргей  Навумчык  прадставіў свае дзве новыя кнігі пра падзеі 1994 і 1995 гадоў  ў Беларусі, калі аднаўлялася наша дзяржаўнасць і як пачыналася станаўленне маладой краіны. Ён таксама быў  актыўным удзельнікам тых падзеяў.

Вядучая імпрэзы – старшыня Бруклінскага аддзела БАЗА Таццяна Красоўская – прадставіла слова прысутнаму госцю –  выбітнаму дзеячу беларускай эміграцыі ў ЗША Вітаўту Кіпелю. Яна адзначыла, што менавіта беларуская эміграцыя захоўвала ў савецкія часы ідэю незалежнасці  Беларусі  і кожны год святкавала ўгодкі абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі  25 сакавіка 1918 года.

Спадар Кіпель прапанаваў увазе прысутных сваю кнігу ўспамінаў „Жыць і дзеіць”, што выйшла сёлета ў Менску. Ён падкрэсліў, што галоўны  сэнс кнігі і адлюстраванага ў ёй ягонага асабістага жыцця  якраз і ёсць гэтая ідэя змагання за незалежнасць Бацькаўшчыны.  Усё, што рабіла  эміграцыя, было накіравана дзеля таго, каб гэты дзень настаў. Адмыслова на імпрэзу ў Нью-Ёрк прыехаў рэдактар кнігі, журналіст Радыё Свабода Сяргей Шупа , які таксама ўзяў слова і выказаў  ўдзячнасць Кіпелю за ягоную працу і тое, што ўсё гэта цяпер занатавана для гісторыі.

[Not a valid template]

Ганна Сурмач, для Беларускага Радыё Рацыя