У Нью-Ёрку прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя гадавіне Чарнобыля



26 красавіка 2017 г., перад будынкам штаб-кватэры Аб’яднаных Нацыяў на Манхэтане ў Нью-Ёрку прайшоў мітынг, зладжаны Беларуска-Амэрыканскім Згуртаваннем “Пагоня” як выказ салідарнасці і падтрымкі для беларусаў, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі і дасюль вымушаныя сутыкацца з яе наступствамі. Гэта таксама выказ пратэсту супраць той абыякавасці і раўнадушнасці, якую праяўляюць улады ў Беларусі, замоўчваючы сапраўдную сітуацыю ў забруджаных раёнах і будуючы Астравецкую атамную станцыю— патэнцыйную крыніцу новай радыяцыйнай небяспекі, ды ўзмацнення энэргазалежнасці ад Расеі.

30 красавіка беларусы Нью-Ёрку і ваколіц сабраліся ў грамадскай зале царквы св. Кірылы Тураўскага на мерапрыемства, прысвечанае 31-й гадавіне Чарнобыльскай катастрофы.Выступалі Таццяна Красоўская, Сяргей Дзедзік і Святлана Казачок. Прысутныя праглядзелі шэраг відэаматэрыялаў. Падчас сустрэчы было закранута пытанне будаўніцтва БелАЭС у Астравецкім раёне. Галоўная ідэя выступаў: мірнага атаму няма, а будаўніцтва БелАЭС — гэта  дарога да смерці. 

Віктар Дудараў

Фота Віталя Зайкі і Святланы Казачок