У Нью-Ёрку прайшоў мітынг супраць вучэнняў “Захад-2017”



10 верасня ў цэнтры Нью-Ёрка адбыўся мітынг пратэсту супраць расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў, якія пачнуцца ў хуткім часе на тэрыторыі Беларусі. Мітынг быў прымеркаваны да Дня вайсковай славы.

У вучэннях “Захад-2017” возме ўдзел непамерна вялікая колькасць расейскіх вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі. Гэтыя вучэнні нясуць пагрозу незалежнасьці краіны, таму беларусы на бацькаўшчыне і па ўсім сьвеце пратэстуюць супраць магчымага захопу нашай краіны, магчымай гібрыднай акупацыі Расеяй.

Мітынг быў арганізаваны Бруклінскім аддзелам Беларуска-Амерыканскага Задзіночання. У мітынгу ўзялі ўдзел беларускія патрыёты, якім неабыякавы лёс нашай радзімы, сябры БАЗА з Нью-Ёрка ды Філадэльфіі, актывісты ўкраінскай дыяспары. Сярод выступоўцаў быў лідар Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк, старшыня Галоўнай Управы БАЗА Ганна Сурмач, Іванка Заяц ды Андрэй Дабранскі – прадстаўнікі Украінскага Кангрэсавага Камітэту ў Амэрыцы.

Падчас мітынгу была прынятая адмысловая рэзалюцыя:

Вывесці расейскія войскі

і спыніць расейскія вайсковыя

вучэньні ў  Беларусі

                                                              (рэзалюцыя мітынга)

            Мы, беларусы, удзельнікі мітынгу ў горадзе Нью-Ёрку, арганізаванага Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем з нагоды Дня Беларускай вайсковай славы і з прычыны грубага парушэньня сувэрэнітэту Беларусі ў выніку заплянаваных вучэньняў расейскага войска “Захад-2017” на тэрыторыі Беларусі, заяўляем наступнае:

1.    Патрабуем адмяніць расейскія вайсковыя вучэньні “Захад-2017” на тэрыторыі Беларусі.

2.    Патрабуем вывезьці з тэрыторыі Беларусі ўсе расейскія войскі і бронетэхніку назад у Расею.

3.    Незаконнае ўвядзеньне расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі ёсьць грубым парушэньнем суверэнітэту Беларусі, Канстытуцыі Беларусі і міжнароднага права і ацэньваецца як акт агрэсіі.

У сувязі з гэтым, паколькі чужыя войскі зайшлі на тэрыторыю Беларусі, мы заклікаем усіх грамадзянаў беларускай Айчыны рыхтавацца да барацьбы з агрэсарам усімі сродкамі, спосабамі і сіламі. Заклікаем ўсіх беларусаў замежжа спрыяць суверэнітэту і свабодзе Беларусі, падтрымліваць змаганьне беларускіх патрыётаў за волю і незалежнасьць краіны. І калі ўзброеныя прышэльцы не пакінуць у верасьні нашу тэрыторыю, прыступіць да барацьбы з акупантамі дзеля абароны краіны, яе суверэнітэту і Незалежнасьці.

      10 верасень 2017 г.

      г. Нью-Ёрк Віктар Дудараў.

Тэкст: Святлана Казачок