У Нью-Ёрку прайшоў мітынг у падтрымку журналістаў і незалежных прафсаюзаў
У суботу, 11 жніўня, беларусы Нью-Ёрка і суседніх штатаў Пенсільваніі і Нью-Джэрсі сабраліся на Юніан-сквер у Нью-Ёрку, каб выказаць сваю падтрымку беларускім незалежным журналістам, пацярпелым ад ператрусаў і затрыманняў на мінулым тыдні.
[Not a valid template]
Нягледзячы на тое, што інфармацыя пра пераслед свабоды слова і наступ на незалежныя медыя ў Беларусі ўжо хутка распаўсюдзілася праз буйныя еўрапейскія і амерыканскія сродкі інфармацыі, акцыя з бела-чырвона-белымі сцягамі і плакатамі ў цэнтры Нью-Ёрка безумоўна прыцягнула да сябе ўвагу: мінакі прыпыняліся, каб пачытаць плакаты і разабрацца ў сутнасці таго, што адбываецца. Некаторыя ўпершыню даведваліся пра Беларусь, вось толькі казаць ім пра новы 30-дзённы бязвіз для замежных турыстаў здавалася недарэчным.
На заканчэнне мітынгу прысутныя праспявалі беларускі гімн ”Магутны Божа” на словы Наталлі Арсенневай ды іншыя беларускія патрыятычныя песні ўключна з ”Грай” Ляпісаў.
Мітынг арганізавалі Беларуска-Амерыканскае Згуртаванне ”Пагоня” і актывісты групы ў фэйсбуку ”Беларусы ў ЗША. Разам лягчэй”.
Сяргей Трэгубовіч