У офіс «Камсамольскай праўды» прыйшоў дзяржаўны кантроль



У ЗАТ «БелКП-ПРЕСС», кампанію, якая з’яўляецца выдаўцом «Камсамольскай праўды ў Беларусі» прыйшоў з праверкай Камітэт дзяржкантролю. Гэтую інфармацыю TUT.BY пацвердзіла Наталля Галезнік, генеральны дырэктар кампаніі.

– Гэта сумесная праверка Дзяржкантролю і падатковай – прыйшло шэсць чалавек. Пазапланавая, прычын нам не патлумачылі, – сказала яна.

Зараз правяраюць серверы, праглядаюць службовыя кампʼютары адміністрацыі. Тэхніку ў рэдакцыі «Камсамольскай праўды ў Беларусі» пакуль не правяраюць, кампанія працягвае працаваць. Прадстаўнікі КДК паведамілі, што праверка будзе доўжыцца да шостага кастрычніка. Нагадаем, у беларускім Доме друку не надрукавалі чатыры апошнія нумары «Камсамолкі», прысвечаныя паслявыбарчым пратэстам, таму іх давялося друкаваць у Расеі. Аднак цяпер іх не прымаюць кіёскі «Белсаюздруку» для распаўсюду.

Беларускае Радыё Рацыя