У офіс „Вясны” ўварваўся АМАП (абноўлена)
Колькасць удзельнікаў акцыі на Дзень Волі ў Менску падлічыць цяжка, бо фактычна ўлады зрабілі ўсё, каб не даць працаваць назіральнікам праваабарончых арганізацый, кажа прэс-сакратар “Вясны” Наста Лойка, якая ў ліку 57 асобаў была затрыманая ў офісе Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
– Мы спрабавалі высвятліць, якая падстава для нашага затрымання. Перад вызваленнем нам сказалі, што гэта была працэдура высвятлення асобы. Але па маім уласным адчуванні, нам проста хацелі сарваць назіранне. Яны, у прынцыпе, яго і сарвалі.
Праз некаторы час усе затрыманыя былі адпушчаныя,
* * *
Каля 15-й гадзіны затрыманых пачалі адпускаць з РУУСа.
Юрыст “Вясны” Наста Лойка паведаміла, што адпушчаны абсалютна ўсе затрыманыя.
„Пасля таго, як нас завялі у спартыўную залу РУУСа, усіх па чарзе пачалі даглядаць. Пасля пачалі прыходзіць супрацоўнікі міліцыі са спісамі – зачытвалі імёны па групах і выпускалі, так выпусцілі групы тры, а пасля ўжо – усіх астатніх разам”, – удакладніла яна.
Адзін з затрыманых, Аляксей Лойка, быў дастаўлены з РУУСа ў шпіталь, паколькі быў збіты амапаўцамі падчас уварвання ў офіс.
***
Затрымана каля 57 чалавек, у тым ліку міжнародныя назіральнікі, прадстаўнікі замежных СМІ і правабарончых арганізацый, як Марыя Шышчанкова з Frontline Defenders, а таксама старшыня БХК Алег Гулак, юрыст „Вясны” Наста Лойка.
Сярод затрыманых грамадзянін Расеі Крэтаў Мікалай, назіральнікі Вясны і БХК Уладзімір Андрыенка, Ірына Смяян-Семянюк і Сяржук Семянюк, Валдзіс Фугаш, Алена Пішч, Анастасія Васільчук, Кірыл Кажэнаў, журналістка Ганна Бадзяка, актывіст кампаніі „Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Віктар Трацякоў.
Відэаздымку затрымання вёў чалавек без апазнавальных знакаў, магчыма супрацоўнік міліцыі. Таксама пры затрыманні прысутнічалі супрацоўнікі Следчага камітэта.
Затрыманых даставілі ў Першамайскі РУУС г. Менска. Усіх завялі ў спартыўную залу. Як сказаў журналістам супрацоўнік, які кіраваў затрыманнем і пры гэтым не прадставіўся, яны абвінавачваюцца „у бандытызме і хуліганстве”.
Алесь Бяляцкі з’явіўся на сувязі. Ён зачытаў свой відэазварот у звязку з гвалтоўным нападам АМАПу на офіс „Вясны” і затрыманнем не менш 40 чалавек – назіральнікаў за масавымі акцыямі, у тым ліку міжнародных, пераважна гэта маладыя людзі. АМАП уварваўся ў кватэру, калі там ішоў інструктаж па назіранні.
Posted by Ales Bialiatski on Samstag, 25. März 2017
***
Каля 13-й гадзіне ў офіс, дзе знаходзіцца грамадская прыёмная ПЦ „Вясна” брутальна ўварваліся АМАПаўцы.
Людзей паклалі тварам у пол, загадалі ўсім ляжаць. Ідзе вобшук.
Фота: Фэйсбук Канстанцін Рэўцкі
Насупраць пад’езда белы аўтобус з вялікай колькасцю міліцыі. Двор фактычна ачэплены ланцугом.
Ад 40 да 57 чалавек затрымана, у тым ліку міжнародныя назіральнікі з Расеі і Францыі, пераважна гэта маладыя людзі, а таксама старшыня БХК Алег Гулак, юрыст «Вясны» Наста Лойка. У тым жа аўтобусе вывезлі таксама вясноўцаў Сержука Семенюка і Ірыну Смяян. Старшыня ПЦ „Вясна” Алесь Бяляцкі знік з сувязі.