У офісах незалежных прафсаюзаў прайшлі вобшукі (абноўлена)
У офісах незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці адбыліся ператрусы.
Іх правялі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. Кіраўнікоў прафсаюза вінавацяць у нясплаце падаткаў. Крымільная справа пачатая супраць Генадзя Фядыніча, Наталлі Пічужкінай і Ігара Комліка. Праваабаронцам стала вядома таксама пра тое, што ператрус адбыўся і ў аддзяленні прафсаюза ў Салігорску.
Па непацверджанай інфармацыі, некаторых актывістаў прафсаюза адвезлі на допыт. Юрыст гомельскага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка лічыць гэта хваляй ціску на незалежныя прафсаюзы:
– Гадзіну таму з жонкай Фядыніча размаўляў, прасіла адваката. Сёння вечарам будзе вядома, якая мера стрымання будзе выбрана, ці адпусцяць на падпіску пра нявыезд, ці да суда палічаць мэтазгодным пад вартай утрымліваць. Усё залежыць ад таго, што яму прад“яўляецца, які я ў іх ёсць доказы. Яшчэ і на астатнія прафсаюзы „наехалі”, Ярашук як быццам затрыманы, у Салігорску БНП (Беларускі незалежны прафсаюз) гарнякі, таксама там вобшук прайшоў, забралі аргтэхніку. Таму я бачу „наезд” на незалежны прафсаюзны рух у краіне ў цэлым.
Лідара прафсаюза Генадзя Фядыніча затрымалі раніцай дома. Затрыманы таксама старшыня Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. На допыт забраны прэс-сакратар РЭП Юры Герасіменка. Затрыманая былая рэдактарка сайта praca-by.info Наталля Пічужкіна.
Праваабарончы цэнтр „Вясна” называе невыпадковай хвалю ператрусаў у офісах прафсаюзаў Радыёэлектроннай прамысловасці ў Менску і Салігорску. Намеснік старшыні праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч звязвае гэта з пратэстамі, якія адбыліся вясной, а таксама з набліжэннем выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў:
– Верагодна мы маем справу са спланаванай атакай уладаў на незалежныя прафсаюзы. Мне падаецца, што гэта невыпадкова ў кантэксце новых падзей, бо прафсаюзы занялі актыўную пазіцыю падчас выступаў супраць «дыкрэта аб тунеядцах». Напярэдадні восені, якая ў нас будзе спалучана з выбарамі ў мясцовыя саветы, кампанія пачнецца ў лістападзе, і вельмі верагодна, што шмат хто з кандыдатаў будзе выкарыстоўваць сацыяльную рыторыку. Сітуацыя ў краіне вельмі складаная – крызіс, таму верагодна, што мы маем справу з падрыхтоўкай да восені.
Тым часам у Камітэце дзяржкантролю паведамілі, што па фактах ухілення ад выплаты падаткаў распачатая крымінальная справа ў дачыненьні да кіраўнікоў прафсаюза РЭП.
«Ёсць падабенства ў справе кіраўнікоў прафсаюза РЭП са справай старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага», – пра гэта паведаміў праваабаронца Уладзь Лабковіч, каментуючы хвалю ператрусаў у офісах незалежных прафсаюзаюзаў. Фармальная падстава затрыманняў – тая ж самая, нявыплата падаткаў, кажа праваабаронца.
– Мы гэта сёння абмяркоўвалі з калегамі, тут бачныя дзве аналогіі. Сур’ёзная аналогія – што той самы крымінальны артыкул пра нявыплату падаткаў. Фармальна спадару Алесю Бяляцкаму крымінавалі менавіта гэта, быццам бы ён не сплочваў падаткі. Другі момант, розніца ўсяго ў два дні – Алесь Бяляцкі быў затрыманы 4 жніўня, спадар Фядыніч – 2 жніўня. Таму могуць быць розныя аналогіі. Але ж што сталася нагодай для таго, каб гэтую крымінальную справу распачаць, якая інфармацыя паклалася ў пастанову аб ўзбудженні крымінальнай справы, мы пакуль што не ведаем.
З паведамлення вынікае, што старшыня і галоўны бухгалтар прафарганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюзу рахункі ў замежных банках, на якія паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч даляраў ЗША)”, — чытаем у паведамленні камітэта.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя