Вобшук у офісе БелаПАН доўжыўся больш за тры гадзіны (абноўлена)
У рэдакцыі агенцтва БелаПАН сёння на працягу больш чым трох гадзін праходзіў ператрус. Яго праводзілі ўзброеныя супрацоўнікі Следчага камітэту і міліцыі без прысутнасці адваката, нікога з супрацоўнікаў агенцтва не затрымалі. Сілавікі вынеслі некаторую тэхніку і жорсткія дыскі кампутараў. Па некаторай інфармацыі, ператрус праходзіў у межах крымінальнай справы, якую завялі напярэдадні супраць былога супрацоўніка рэдакцыі Андрэя Аляксандрава, адзначае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:
– Андрэй праходзіць па артыкуле 342 Крымінальнага Кодэкса. Але мне вельмі цяжка ўявіць, што ён меў дачыненне да арганізацыі ці падрыхтоўкі масавых акцый пратэсту. Бо ён займаўся журналісцкай дзейнасцю. Тое, што яму пакуль што, наколькі мы ведаем, выстаўляецца ў віну – гэта мне неяк не ўкладваецца ў разуменне. Хутчэй за ўсё ператрус праводзіўся менавіта ў звязку са справай Андрэя.
Медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, са справай якога быў звязаны ператрус у БелаПАН, быў намеснікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва з 2015 па 2018 год. Ён затрыманы ў статусе падазраванага па крымінальнай справе аб грубым парушэнні грамадскага парадку ў Менску. Што менавіта і калі здзейсніў Аляксандраў, не ўдакладняецца. Разам з Аляксандравым затрымана яго дзяўчына Ірына Злобіна, у якім яна статусе – невядома.
* * *
У офісе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН адбываецца ператрус. Да яго пад’ехаў характэрны цёмны мікрааўтобус. Звязацца з прысутнымі ў офісе супрацоўнікамі БелаПАН немагчыма.
Як паведамляе тэлеграм-канал „МотолькоПомоги”, у офіс зайшлі каля васьмі чалавек, потым пад’ехала машына хуткай дапамогі. У „хуткую” пасадзілі дзяўчыну з офіса, разам з ёй селі два чалавекі, пасля чаго машына з’ехала. Пазней стала вядома, што гэта журналістка Таццяна Бублікава, у якой падняўся ціск. У сацыяльных сетках яна пацвердзіла, што ў інфармагенцтве сапраўды адбываецца ператрус і ён звязаны з крымінальнай справай Андрэя Аляксандрава.
– У 12 гадзін 10 хвілін пачаўся ператрус у інфармагенцтве БелаПАН. Да нас у офіс прыйшлі людзі ў форме. У мяне падняўся ціск і я змагла выбрацца з офісу разам з тэлефонам. Ператрус праводзіць Следчы камітэт па справе, заведзенай на Андрэя Аляксандрава, які раней афіцыйна быў нашым супрацоўнікам. Хочуць знайсці прадметы і дакументы, якія тычацца арганізацыі фінансавання масавых пратэстаў.
Медыяменеджара Андрэя Аляксандрава затрымалі 12 снежня па крымінальнай справе за арганізацыю і ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Ён быў намеснікам дырэктара агенства БелаПАН з 2015 па 2018 год.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя