У офісе Таварыства беларускай мовы адбыўся ператрус
У менскім офісе грамадскага аб`яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) 15 ліпеня адбыўся вобшук, паведаміла БелаПАН старшыня арганізацыі Алена Анісім.
„Гэта, канешне, было для мяне ўзрушэнне, гэта было нечакана. Я павінна была на працягу паловы гадзіны з`явіцца ў офісе, іначай бы яго адчынялі без мяне, — сказала яна. — Стаўленне было нармальнае. Яны прыехалі, забралі каляндарыкі, якія ім кінуліся ў вочы, выдадзеныя ў 2018 годзе да 100-годдзя БНР, забралі аргтэхніку — маніторы і [сістэмныя] блокі. Сказалі, што са мной скантактуюцца і потым вярнуць. У мяне да іх чыста па-чалавечаму ніякіх абсалютна прэтэнзій няма. Яны самі сказалі, што ім паступіў загад на працягу дзвюх гадзін”.
Паводле слоў Анісім, вобшук адбываўся з санкцыі намесніка пракурора Менска: „Гэта звязана з тым, што з 9 па 12 жніўня 2020 года адбываліся розныя мерапрыемствы і, магчыма, у нашых матэрыялах ёсць нейкія там заклікі, нейкія матэрыялы, датычныя гэтых мерапрыемстваў”.
Хто праводзіў вобшук, Анісім не запомніла, бо для яе „гэта быў стрэс, нечаканасць, усе планы давялося паперакройваць, на працягу 20 хвілін дабрацца”.
Зараз Міністэрства юстыцыі праводзіць праверку дзейнасці ТБМ. Да 14 ліпеня аб`яднанне мусіла перадаць у Мінюст арыгіналы дакументаў, якія тычацца рэгістрацыі і дзейнасці арганізацыі за апошнія тры гады. Частку дакументаў ТБМ даслала, іншыя былі на камп`ютарах, якія канфіскавалі падчас вобшуку.
„Забралі камп`ютар, дзе былі звесткі адносна сяброў арганізацыі і іншае. Заўтра будзем збірацца, думаць, як выходзіць з гэтай сітуацыі, магчыма, ёсць варыянты абысціся сваімі сіламі”, — сказала старшыня арганізацыі.
Іншая праблема, паводле яе слоў, у тым, што бухгалтарская дакументацыя была ў затрыманай 8 ліпеня Вольгі Раковіч — галоўнага бухгалтара „Нашай Нівы”, якая дапамагала ТБМ з разлікамі па дамове падраду.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 14 ліпеня ў Мінску і іншых гарадах падчас новай хвалі крымінальнага пераследу „трэцяга сектара” было праведзена не менш як 30 вобшукаў, затрымана больш за 10 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, грамадскія актывісты.
15 ліпеня апрача ТБМ вобшук адбыўся ў офісе рэспубліканскага даследча-асветнага грамадскага аб`яднання „Гавары праўду”.