У Падмаскоўі разбіўся пасажырскі самалёт (абноўлена)
Асноўныя версіі авіякатастрофы паводле Следчага камітэта Расеі наступныя: умовы надвор’я, чалавечы фактар і тэхнічны стан лайнера. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце СКР.
Прычынай авіякатастрофы магло стаць тое, што самалёт не апрацавалі адмысловай супрацьабледзяняльнай вадкасцю. Некаторыя агенцтвы перадаюць, што ад гэтай тэхнічнай працэдуры адмовіўся сам капітан АН-148.
Паводле апошніх звестак на борце пацярпеўшага крушэнне расейскага самалёта было трое грамадзян іншых краін. Сярод іх грамадзянін Швайцарыі, які ляцеў у Орск на запуск новай устаноўкі на заводзе „Орскнефтеоргсинтез”.
***
Апублікаваны спіс ахвяраў. Сярод іх амаль усе жыхары Арэнбургскай вобласці, акрамя аднаго пецярбуржца.
МЧС Расеі зняпраўдзіла інфармацыю, што на месцы аварыі знойдзены абломкі верталёта. Тым часам знойдзена першая чорная скрыня.
Нібыта перад падзеннем самалёта пілот далажыў дыспетрчару пра няспраўнасць самалёта і прасіў экстранную пасадку ў Жукоўскім. Тым часам „Почта России” растлумачыла адкуль на месцы катастрофы лісты – на борце быў мех з карэспандэнцыяй вагой 20 кг., менавіта яго змесціва знаходзяць на месцы аварыі.
„Почта России” зняпраўдзіла інфармацыю пра сутыкненне з паштовым верталётам. У гэтай арганізацыі няма такіх службовых машын. Паралельна фігуруе версія пра сутыкненне двух самалётаў. Ратавальнікі на месцы катастрофы знаходзяць фрагменты целаў загінуўшых людзей.
***
Паводле апошняй версіі самалёт мог сутыкнуцца з паштовым верталётам. На месцы катастрофы знаходзяцца таксама яго абломкі і паштовыя лісты.
У Падмаскоўі ўпаў пасажырскі самалёт Саратаўскіх авіяліній. Катастрофа адбылася ў раёне падмаскоўнай вёскі Аргунава. Самалёт выляцеў з аэрапорта Дамадзедава і ляцеў у Орск. Пазней паведамілі, што самалёт упаў ля вёскі Сцяпанаўскае.
На борце АН-148 быў 71 чалавек. Прычына катастрофы пакуль невядомая. Паводле папярэдніх звестак выжыць камусці ў гэтай аварыі шанцаў не было.
Гэты самалёт пачаў лятаць у 2010 годзе ў авіякампаніі „Россия”, у 2017 годзе машыну купілі „Саратовские авиалинии”. Сама мадэль самалёта таксама дастаткова новая. Іх пачалі выпускаць толькі ў 2009 годзе. У самалёта два турбаактыўныя рухавікі, ён бярэ на борт да 80 пасажыраў.
Месца падзення самалёта ўжо выяўлена. Крыніца „Интерфаксу” перадае, што надвор’е ў раёне падзення кепскае: ідзе снег, тэмпература каля мінус 5 градусаў.
„Интерфакс” паведаміў, што відавочцы бачылі, як падаў палаючы самалёт. Незразумела, ці гэта быў тэракт, ці тэхнічная аварыя ў паветры. Экіпаж проста перастаў выходзіць на сувязь.
Вядома, што самалёт выляцеў у 14.21 і праз 7 хвілін знік з радараў. Апошняя адзнака была на вышыні каля кіламетра.
Беларускае Радыё Рацыя