У падтрымку Андрэя Бандарэнкі
Праваабарончы цэнтр „Вясна” прыняў зварот да кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў у сувязі з ціскам на зняволенага праваабаронцу, былога кіраўніка арганізацыі „Платформ Іннавейшн” Андрэя Бандарэнку. Ён быў асуджаны на 3 гады зняволення і зараз адбывае пакаранне ў шклоўскай калоніі №17. Па словах сябры Рады праваабарнчага цэнтру „Вясна” Таццяны Равякі, для Андрэя Бандарэнкі, пры патуранні адміністрацыі калоніі, створаны прыніжаючыя чалавечую годнасць умовы адбыцця пакарання, якія пагражаюць яго здароўю і жыццю. Гэта відавочнае парушэнне яго правоў і закону.
– Адказнасць за тое, што адбываецца са зняволеным, нясе дзяржава, нясуць тыя ўстановы, у якіх утрымліваецца зняволены. Мы лічым, што адміністрацыя патурае гэтаму і не робіць нічога, каб ціск на Андрэя Бандарэнку з боку іншых зняволены быў спынены.
Выглядае на тое, што адміністрацыя калоніі, калі не сама ініцыявала такое стаўленне да Андрэя Бандарэнкі, то па меншай меры, прыкрывае і садзейнічае яму, – лічыць Таццяна Равяка. Па яе меркаванню, гэта помста за папярэднюю праваабарончую дзейнасць Бандарэнкі. Ён займаўся вывучэннем умоваў утрымання ў месцах зняволення і шмат дапамогаў людзям, якія там апынуліся і правы якіх былі груба парушаны.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя