У Палацы Рэспублікі прайшла сустрэча са Святланай Алексіевіч
У малой зале Палаца Рэспублікі прайшла ўрачыстая прэзентацыя кнігі «Алексіевіч на Свабодзе».
Святлана Алексіевіч выступіла з лекцыяй і адказала на пытанні. Нобелеўская лаўрэатка назвала дзве асноўныя праблемы Беларусі:
– Нацыянальная праблема самая глаўная і Чарнобыль. Гэта дзве праблемы, якія трэба вырашыць у бліжэйшы час. У нас не так шмат часу. Мы – нацыя, якая спазнілася. Мы ўсё вырашаем са спазненнем. А час паскараецца. Мір глабалізуецца.
Нагадаем, што напярэдадні штогадовага “Чарнобыльскага Шляху” Святлана Алексіевіч пагадзілася стаць ганаровым арганізатарам акцыі.
Алексіевіч адзначыла, што зараз над Беларуссю вісіць пагроза паўтарэння “Данецкага сцэнару”: “Мы ўсе бачылі прыклад Украіны.”
– Калі прывезці сюды пару грузавікоў зброі, некалькі танкаў , то абсалютна можна сутыкнуць Заходнюю Беларусь з Усходняй. Гэта старыя інстынкты. Каталіцызм, праваслаўе – гэта вуголле, якое можна распаліць.
“Я лічу, што нам усім вельмі патрэбна зараз адзінства,” – падкрэсліла Святлана Алексіевіч.
Нобелеўская лаўрэатка рэзка раскрытыкавала дзейнасць расейскага тэлебачання:
– Тое, што робіць расейскае тэлебачанне – гэта проста злачынства!
У мінулым годзе большасць расейскіх выданняў раскрытыкавала рашэнне Нобелеўскага камітэта.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
* * *
14 красавіка Святлана Алексіевіч упершыню публічна выступіла на Радзіме пасля атрымання Нобелеўскай прэміі. Выступ і адказы на пытанні чытачоў адбыліся падчас прэзентацыі кнігі «Алексіевіч на Свабодзе» ў менскім Палацы Рэспублікі. Зала стоячы вітала пісьменніцу, выстройвалася ў доўгую чаргу па аўтографы пасля імпрэзы.
– Свабода – гэта доўгі шлях. Так, мы бегалі па плошчах у 90-я гады, крычалі «Свабода!», думаючы, што яна народзіцца з нашых воклічаў. Аказалася, што гэта больш жорсткая рэч – свабода. Больш прагматычная, больш матэрыяльная. І гэта глупства, што мы да яе не прыстасаваныя. Мы проста не ведаем, што гэта такое. І ў нас няма людзей, якія могуць нас гэтаму навучыць.
У серыі «Бібліятэка Свабоды — XXI стагоддзе» выйшла кніга «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе». Пад адной вокладкай сабраныя матэрыялы, якія больш чым паўтара дзесяцігоддзя гучалі на хвалях „Радыё Свабода” — інтэрв’ю са Святланай Алексіевіч, дыскусіі з яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі лаўрэатку Нобелеўскай прэміі.
Алексіевіч закончыла сустрэчу словамі: „Будзе новы час, які запатрабуе новых людзей.” І пачала падпісваць кнігі.
Паводле svaboda.org
Фота svaboda.org