У памяць пра касінера Ігната Будзіловіча будзе новы помнік



28 жніўня актывісты Віцебшчыны збяруцца на традыцыйнае штогадовае ўшанаванне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Імпрэза звычайна адбываецца каля помніка, усталяванага ў вёсцы Пагосцішча Лёзненскага раёну. Тут адбыўся апошні бой атраду пад кіраўніцтвам Ігната Будзіловіча: атрад быў разбіты, а камандзіра расстралялі ў аршанскім астрогу 28 жніўня 1863 году.

Сёлетняе ўшанаванне памяці касінераў будзе незвычайным, дзеліцца планамі старшыня Аршанскай суполкі Таварыства беларускай мовы Юрый Нагорны:

– Мы ўжо каторы год ездзім у Пагосцішча, дзе ёсць помнік паўстанцу Кастуся Каліноўскага, касінеру Ігнату Будзіловічу. Ладзім там імпрэзу, памінаем усіх касінераў. Сёлета мы плануем паставіць новы помнік на месцы таго, што стаіць там з 2006-га году, паставім крыж і валун з надпісам.

У 2006-м годзе помнік паўстанцам у Пагосцішчы з’явіўся з ініцыятывы мясцовай настаўніцы Алены Грачышнікавай. Разам з вучнямі яна назбірала камянёў для невялікага курганчыка, а бетонны крыж ахвяраваў тамтэйшы прадпрымальнік. Помнік прастаяў да гэтага часу, актывісты шмат разоў яго рамантавалі, бо ў бетоне ўтварыліся шчыліны. На жаль, крыж непазбежна разбураецца, сёлета яго заменяць на новы.

Беларускае Радыё Рацыя