У папраўчай калоніі № 22 пад Івацэвічамі зняволены пакончыў з сабой
У папраўчай калоніі № 22 пад Івацэвічамі (Берасцейская вобласць) у калоніі, дзе сканцэнтраваныя ў асноўным асуджаныя за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, адзін са зняволеных пакончыў з сабой. Яго знайшлі павешаным ў адным з тэхнічных памяшканняў установы, паведамляе праваабарончая арганізацыя „Платформа” („Нью платформ інавейшн”).
Як атрымалася высветліць праваабаронцам, прычынай самагубства сталі нефармальныя адносіны паміж асуджанымі, наступствы якіх прывялі да смерці зняволенага. Паводле наяўнай у „Платформы” інфармацыі, загінулага клікалі Максім і ён быў прыгавораны да працяглага тэрміну зняволення.
„Смерць асуджанага ў калоніі — не радавая падзея, але, на жаль, гэта становіцца ледзь не штодзённым фактам у Беларусі. Асабліва трагічна, калі гэта адбываецца з-за няўмення супрацоўнікаў калоніі своечасова адрэагаваць на пачатак канфлікту сярод асуджаных, пра што яны добра праінфармаваныя”, — гаворыцца ў паведамленні.
Як адзначаюць праваабаронцы, у самой калоніі ад каментароў адмовіліся, параіўшы звярнуцца ў інфармацыйную службу дэпартамента выканання пакаранняў МУС. „Атрымаць тлумачэнні ў ДВП МУС таксама было немагчыма, бо 8 сакавіка нікога з супрацоўнікаў, упаўнаважаных даць якую-небудзь інфармацыю на гэта конт, на месцы не аказалася. Тым не менш з размовы з дзяжурным супрацоўнікам ПУ „ПК-22″ удалося зразумець, што інфармацыя, перададзеная нам сваякамі асуджаных, адпавядае рэчаіснасці. Падрабязнасці здарэння мы даведаемся найбліжэйшым часам”, — паведамляе „Платформа”.
Інфармацыя пра выпадак самагубства ў папраўчай калоніі № 22 таксама з’явілася раніцай 8 сакавіка ў пабліку „Беларуская турма” ў сацыяльнай сетцы „УКантакце”.
Фота zviazda.by