У Парыжы гарэў Сабор Парыжскай Богамаці
У ноч на 16 красавіка пажар удалося лакалізаваць, а пасля патушыць полымя. У МУС Францыі заявілі, што асноўную канструкцыю храма ўдалося ўратаваць. Фасад і вежы засталіся. Аднак аднаўленне сабору зойме гады, а можа і дзесяцігоддзі.
23.30. Сабор Парыжскай Богамаці можа згарэць цалком, пажар мае ровень выключнай складанасці, заявіў былы прэс-сакратар пажарнай службы Парыжу Ларан Вібер у этэры тэлеканалу BFМ.
Hubert Hitier / AFP / Scanpix / LETA
„Мы павінны ўсведамляць, што мы можам поўнасцю страціць сабор сёння ўначы. Канешне, трэба ўратаваць максімум, але гэта тая рызыка, якую трэба мець на ўвазе. З таго, што я бачыў, гэтаму пажару надзвычай цяжка даць рады. Я 25 гадоў сам працаваў пажарным. Мы ведаем сабор, гэты будынак напамяць. Але сіла полымя і тое, што агонь на даху – гэта не тое сама, што тушыць пажар знізу будынку”, – сказаў ён.
22.30. Моцны пажар у Саборы Парыжскай Богамаці не закрануў хрысціянскія рэліквіі, якія ў ім захоўваліся. Пра гэта журналістам паведаміў прадстаўнік сабору.
Гутарка ідзе найперш пра Церневы вянок Ісуса Хрыста. Да 1063 года ён знаходзіўся на гары Сіён у Ерусаліме, адкуль яго перавезлі ў Канстанцінопаль, а многа пазней – у 1239 годзе быў размешчаны ў Парыжскім саборы Божай Маці. У скарбніцы сабору паводле некаторых даных захоўваўся таксама абломак крыжа з Галгофы, з якога знялі Хрыста. Гэтая рэліквія таксама не пацярпела пры пажары.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон адмяніў запланаваны зварот да нацыі ў звязку з „жахлівым пажарам”. У твітары ён заявіў, што „гарыць частка нас”.
У Парыжы загарэўся славуты Нотр-Дам дэ Пары – адна з галоўных святынь Францыі. На 21-ю гадзіну абрынуўся шпіль сабору, тое ж сама адбылося з гадзіннікам.
Асноўная канструкцыя храма ахоплена полымем, паведаміў канал BFMTV са спасылкай на прадстаўніка сабору. Рух па востраве Сітэ перакрыты. За пажарам у аддаленні назіраюць сотні людзей. Да месца здарэння прыбываюць усё новыя машыны экстранных службаў.
Пажарныя брыгады імкнуцца ўзяць полымя пад кантроль, але пакуль гэта не ўдаецца.
Паводле адной з версій пажар пачаўся з загарання будаўнічых рыштаванняў.
Інфармацыі пра ахвяры ці пацярпелых пры пажары пакуль не паступала. Пракуратура Парыжу пачала расследаванне.
Сабор Парыжскай Богамаці – адзін з сама памятных і славутых помнікаў архітэктуры не толькі Францыі, але і ўсёй Еўропы. Ён будаваўся амаль 200 гадоў – з сярэдзіны 12-га ажно да сярэдзіны 14-га стагоддзя.