У „пашпарце турыста” не знайшлося месца для беларускай мовы



Вялікай ганьбай для беларусаў будзе выдача „пашпартоў турыстаў”, дзе няма месца мове тытульнай нацыі. Прадугледжаныя тры мовы, якімі будзе надрукаваны гэты пашпарт: ангельская, расейская ды польская. Адмысловы зварот ў аблвыканкам накіраваў мясцовы грамадскі актывіст Уладзімір Хільмановіч, які адзначае, што ігнараванне беларускай мовы на турыстычным буклеце перакрэслівае добрую ідэю турыстычнай прывабнасці Гарадзеншчыны:

– Я лічу, што гэта знявага і для тых, хто пражывае тут, і для тых, хто прыедзе да нас з сумежных тэрыторый, напрыклад, з Польшчы, той жа Беласточчыны, дзе пражывае шмат этнічных беларусаў, якія з недаўменнем, а многія і з абразай успрымуць пашпарты, дзе не фігуруе дзяржаўная беларуская мова. Тое ж самае і з Літвы будуць прыязджаць людзі беларускай нацыянальнасці, а з іншага боку, калі гэта не беларусы, ім было б цікава азнаёміцца з беларускай мовай.

Задума гарадзенскіх чыноўнікаў выдаваць адмысловыя „дакументы” для замежных турыстаў паклікана павялічыць прывабнасць горада над Нёманам. Такім „пашпартам” замежнік зможа скарыстацца са снежня, каб атрымаць зніжкі на паслугі. Чыноўнік, адказны за такі пашпарт, – гэта Алег Андрэйчык, начальнік абласнога ўпраўленьня спорту і турызму.

Грамадскі актывіст спадзяецца, што гэтая недальнабачнасць на буклеце будзе выпраўлена.

suscynski_zajava-mova

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня